Старшыні райвыканкамаў «задзейнічаныя ня так, як павінна быць», і «не нясуць той нагрузкі, якую павінны несьці», заявіў Аляксандар Лукашэнка на пасяджэньні. Паводле Лукашэнкі, у Беларусі «няма нарматыўна-прававога акта, які б дакладна расьпісаў, чым павінен займацца старшыня райвыканкаму, <...> а калі ёсьць, гэтага недастаткова».
«Нам патрэбны вычарпальны дакумэнт. У старшыні райвыканкаму ён мусіць як настольная кніжка ляжаць. Старшыня ёсьць старшыня. Ён мусіць займацца ўсім. Нічога страшнага, калі ён у нейкім сэнсе будзе прызначаць, зацьвярджаць, узгадняць кіраўнікоў прыватных структур. Тады і ўплыў будзе ў іх на гэта», — заявіў Лукашэнка.
Адразу ж удакладніўшы, што «больш трэба адносіць паўнамоцтвы да выканкаму, а не старшыні райвыканкаму», Лукашэнка адзначыў, што кіраўнік раёну «ўносіць, прапануе» кандыдатуры, а «выканкам зацьвярджае».
Разьвіваючы гэтую думку, Лукашэнка заявіў, што пытаньне прыняцьця кадравых рашэньняў ня варта «замыкаць на аднаго чалавека, нават калі гэта старшыня».
«Так, ён (старшыня райвыканкаму. — РС) уносіць любое пытаньне. Абмяркоўваюць, ён змагаецца, змагаецца, але выканкам прымае рашэньне па ўсіх кадрах, якія там ёсьць, — сказаў Лукашэнка. — Што дрэннага, калі яны ўзгодняць кандыдатуры начальніка РАУС, начальніка МНС і іншых? Можа не ўзгадніць. Але старшыня аблвыканкаму можа прызначыць, ён нясе адказнасьць за гэта», — заявіў Лукашэнка.
Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што ў хуткім часе зьявіцца ўказ, які вызначыць паўнамоцтвы кіраўнікоў райвыканкамаў.
Форум