Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пракамэнтаваў сустрэчу са спэцпасланьнікам Трампа па Ўкраіне. Прэс-канфэрэнцыю адмянілі на патрабаваньне ЗША


Спэцпасланьнік ЗША па Ўкраіне і Расеі Кіт Келаг (справа) і прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы ў Кіеве, Украіна, 20 лютага 2025 году
Спэцпасланьнік ЗША па Ўкраіне і Расеі Кіт Келаг (справа) і прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы ў Кіеве, Украіна, 20 лютага 2025 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 20 лютага правёў у Кіеве сустрэчу са спэцпасланьнікам ЗША па Ўкраіне і Расеі Кітам Келагам. Сьпікер Зяленскага Сяргей Нікіфараў сказаў журналістам, што сумеснай прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы ня будзе па жаданьні Вашынгтона, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Раней журналістам анансавалі агульны падыход да прэсы.

Уладзімір Зяленскі пазьней пракамэнтаваў сустрэчу з Кітам Келагам, якую ён назваў «прадуктыўнай», у сацыяльнай сетцы Х. Паводле Зяленскага, абмяркоўвалі сытуацыю на полі бою і дзейсныя гарантыі бясьпекі Ўкраіне.

«Добрая размова, шмат важных дэталяў. Я ўдзячны Злучаным Штатам за ўсю дапамогу і двухпартыйную падтрымку Ўкраіны і ўкраінскага народа. Для нас — і для ўсяго вольнага сьвету — важна, каб адчувалася амэрыканская сіла. У нас была падрабязная размова пра сытуацыю на полі бою, пра тое, як вярнуць нашых ваеннапалонных, і пра эфэктыўныя гарантыі бясьпекі», — напісаў прэзыдэнт Украіны.

У паведамленьні Зяленскі падкрэсьліў, што Ўкраіна «зь першай жа сэкунды гэтай вайны хоча міру» і адзначыў: «мы можам і павінны зрабіць мір надзейным і працяглым, каб Расея больш ніколі не змагла вярнуцца з вайной».

«Украіна гатовая да трывалага, эфэктыўнага інвэстыцыйнага пагадненьня і пагадненьня аб бясьпецы з прэзыдэнтам ЗША. Мы прапанавалі самы хуткі і найбольш канструктыўны шлях дасягненьня вынікаў. Наша каманда гатовая працаваць 24/7», — напісаў Зяленскі і дадаў, што «трывалыя адносіны Ўкраіны і ЗША на карысьць усяму сьвету».

  • Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША па Ўкраіне і Расеі Кіт Келаг 19 лютага прыбыў у Кіеў. Камэнтуючы журналістам свой візыт у Кіеў, Келаг сказаў: «Мы разумеем неабходнасьць гарантыяў бясьпекі. Частка маёй місіі — слухаць. Потым я вярнуся ў ЗША, пагавару з прэзыдэнтам Трампам», — сказаў Келаг. Раней Келаг правёў сустрэчу з кіраўніком Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэем Ермаком і міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам.
  • Візыт Келага ва Ўкраіну праходзіць пасьля таго, як дэлегацыі ЗША і Расеі правялі перамовы па спыненьні вайны без удзелу Ўкраіны ў Саудаўскай Арабіі. Марка Рубіё і Сяргей Лаўроў дамовіліся стварыць групы, каб як мага хутчэй пачаць працу над завяршэньнем вайны Расеі супраць Украіны.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве 19 лютага прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сказаў, што праведзеныя напярэдадні перамовы на высокім узроўні ў Эр-Рыядзе былі накіраваныя на тое, каб «вывесьці Пуціна з ізаляцыі» і патэнцыйна маглі прывесьці да зьмены геапалітычнай дынамікі з наступствамі для бясьпекі Ўкраіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG