Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва спыніла транзыт беларускага алею, вырабленага з украінскага рапсу


Ілюстрацыйнае фота. Цягнік літоўскай кампаніі LTG Cargo
Ілюстрацыйнае фота. Цягнік літоўскай кампаніі LTG Cargo

Даччыная кампанія дзяржаўных «Літоўскіх чыгунак» LTG Cargo пасьля выхаду журналісцкага расьсьледаваньня пра тое, як Беларусь экспартуе ў ЭЗ алей з рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны, у тым ліку транзытам празь Літву, аб’явіла, што правядзе ўнутранае расьсьледаваньне, і перапыніла перавозкі беларускага алею, паведамляе LRT.

На мінулым тыдні на станцыі Кяна затрымалі восем вагонаў з рапсавым алеем, якія накіроўваліся ў порт Клайпеды.

Кіраўнік Беларускага расьсьледніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч у камэнтары для LRT адзначыў апэратыўнасьць рэакцыі Літвы на расьсьледаваньне журналістаў, якое выйшла раніцай 19 лютага.

«Мы прывыклі, што Літва даволі апэратыўна рэагуе на журналісцкія расьсьледаваньні ў пытаньні абыходу санкцыяў, але я б сказаў, што гэта адзін з самых хуткіх эфэктаў, які быў. Мы чакалі рэакцыі, але нас зьдзівіла хуткасьць», — кажа Івашкевіч.

Станіслаў Івашкевіч адзначыў, што алей зь Беларусі паступае на сусьветны рынак і праз Латвію, але Літва застаецца асноўным маршрутам.

«У Літве прадстаўнікі некаторых фірмаў, зь якімі мы размаўлялі пад выглядам зацікаўленых пакупнікоў, расказвалі, што Літва, напрыклад, ужо забараніла імпарт рапсу зь Беларусі, але транзыт заставаўся дазволеным. Яны таксама казалі, што ёсьць схемы, каб імпартаваць рапс у Літву, але тады яго трэба, паводле іх, завозіць праз Латвію ці Польшчу», — працягвае Івашкевіч.

Алей беларускай кампаніі «Аграпрадукт», у тым ліку выраблены з рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны (галоўным чынам з Херсонскай вобласьці), чыгункай транзытам празь Літву адпраўлялі ў Нарвэгію, Ізраіль, Кітай, ААЭ і Віетнам, гаворыцца ў расьсьледаваньні Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, літоўскага выданьня 15min.lt, латвійскага TV3 і праекту Радыё Свабода «Схемы».

Паводле зьвестак LTG Cargo, у 2024 годзе транзытам празь Літву ўжо прайшло амаль 50 тысяч тон алею «Аграпрадукт». Аднак, паводле працёку зьвестак «Беларускіх чыгунак», гэты абʼём выявіўся значна большым. Летась транспартаваньнем гэтых грузаў у Літве займаліся тры кампаніі: Gen Cargo, Baltijos Pervežimai і Baltic Cargo Agent. Кампаніі заявілі, што ня ведалі аб паходжаньні сыравіны з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Акрамя таго, кампанія «Аграпрадукт» пакуль ня ўключаная ў ніводзін міжнародны санкцыйны сьпіс, а грузы праходзілі ўсе неабходныя мытныя праверкі і фільтры LTG.

Міністэрства сельскай гаспадаркі Літвы растлумачыла, што Эўразьвяз не забараняў імпарту прадуктаў харчаваньня, а на рапсавы алей не павышалі мыты. Адзіны магчымы спосаб абмежаваць увоз расейскай і беларускай прадукцыі — стварыць умовы, пры якіх яна стане неканкурэнтаздольнай, але такія рашэньні павінны прымацца на ўзроўні Эўразьвязу.

У чэрвені 2024 году, калі Літва ўвяла дадатковыя забароны на імпарт сельгаспрадукцыі з Расеі і Беларусі, рапсавы алей уключылі ў гэты сьпіс, але забарона не распаўсюджвалася на транзытныя грузы, чым і карысталася беларуская кампанія «Аграпрадукт», як высьветлілі расьсьледнікі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG