Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь экспартуе ў Эўразьвяз алей з рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны, — расьсьледаваньне


Рапсавае поле ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота
Рапсавае поле ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота

Журналісцкае расьсьледаваньне выявіла схему паставак алею зь Беларусі ў Эўразьвяз, сыравінай для якога служыць рапс, вывезены Расеяй з акупаваных тэрыторыяў Украіны, паведамляе Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ).

Расьсьледнікі высьветлілі, што галоўным пастаўніком алею ў краіны ЭЗ выступае беларускае прадпрыемства «Аграпрадукт», бэнэфіцыярны ўладальнік якога знаходзіцца пад санкцыямі за спрыяньне Расеі ў транспартаваньні вайсковай тэхнікі.

Расьсьледаваньне падрыхтаванае БРЦ у партнэрстве зь літоўскім выданьнем 15min.lt, латвійскім тэлеканалам TV3, украінскім праектам Радыё Свабода «Схемы», пры падтрымцы «Кібэрпартызанаў», супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі і ўкраінскіх хакераў KibOrg. Прыведзеныя ў ім факты ставяць пад сумнеў празрыстасьць паставак сельскагаспадарчай прадукцыі ў Эўразьвяз і могуць паўплываць на будучыя санкцыйныя меры супраць Беларусі і Расеі.

Рост экспарту і схаваны ланцуг паставак

Згодна са зьвесткамі Эўрастату, за першае паўгодзьдзе 2024 году краіны Эўразьвязу імпартавалі зь Беларусі 90,4 тыс. тон рапсавага алею на суму 67,7 мільёна эўра. Асноўнымі пакупнікамі сталі Літва, Латвія і Польшча. Гэта ў чатыры разы больш па аб’ёме і ў 2,6 раза — па цане, чым за ўвесь 2021 год.

Аднак журналісты высьветлілі, што значную частку гэтага алею вырабілі не зь беларускага рапсу. У 2023 годзе беларускае прадпрыемства «Аграпрадукт» закупляла насеньне алейных культур, вырашчанае ў тым ліку ў акупаванай Херсонскай вобласьці. Толькі за жнівень прадпрыемства атрымала каля 728 тон такой сыравіны. Зьвесткі былі пацьверджаныя хакерскімі групамі KibOrg і «Кібэрпартызаны».

Аляксандар Лукашэнка каштуе рапсавы алей
Аляксандар Лукашэнка каштуе рапсавы алей

Паводле расьсьледаваньня, пастаўшчыкамі херсонскага рапсу ў Беларусь сталі расейскія кампаніі «Велес-Агра» і «Агратрэйд». Апошняя зьвязана зь сямʼёй Антона Ціхамірава, былога сакратара ялцінскага аддзяленьня партыі «Адзіная Расея», які супрацоўнічаў з расейскай адміністрацыяй анэксаванага Крыму. У дакумэнтах паставак указвалася, што адпраўнікам зьяўляецца Расея, але вобласьць паходжаньня значылася як украінская — Херсонская.

Эўрапейскія імпартэры і абыход санкцыяў

Латвійскія кампаніі K.I.F. і SIA LAT FLEX актыўна ўдзельнічаюць у транспартаваньні рапсавага алею «Аграпрадукту», сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні. Нягледзячы на адсутнасьць санкцыяў супраць самой прадукцыі, расьсьледаваньне паказала, што фірмы не заўсёды ведаюць аб рэальным паходжаньні сыравіны.

Літоўская кампанія Baltijos Pervezimai прапанавала журналістам 15min.lt, якія зьвязаліся зь ёй пад выглядам патэнцыйных пакупнікоў, схему абыходу забароны Літвы на імпарт беларускага алею: яна патлумачыла, што пастаўляць алей можна не наўпрост у Літву, а, напрыклад, праз Латвію. У Літве забарона на ўвоз прадукцыі зь Беларусі набыла моц у чэрвені 2024 году, але транзыт праз краіну застаецца дазволеным.

Акрамя таго, гаворыцца ў расьсьледаваньні, беларуская прадукцыя адпраўляецца праз Клайпэдзкі порт у Кітай, Ізраіль і іншыя краіны. Сярод транспартных партнэраў лічацца кампаніі Baltic Cargo Agent і GEN Cargo, якія ўдзельнічаюць у лягістычных апэрацыях па дастаўцы алею ў ЭЗ.

Каб перавезьці харчовы груз зь Беларусі па чыгунцы празь Літву, адпраўнік мусіць падаць заяўку ў LTG Cargo, даччыную кампанію дзяржаўных «Літоўскіх чыгунак». Калі заяўка праходзіць санкцыйны фільтар і LTG Cargo яе ўхваляе, арганізуецца працэс перавозкі зь Беларусі, напрыклад, у Ізраіль праз Клайпэдзкі порт. Кампанія «Аграпрадукт» пакуль ня ўключаная ні ў адзін міжнародны санкцыйны сьпіс, таму грузы праходзілі ўсе неабходныя мытныя праверкі і фільтры LTG.

Вытворчасьць рапсавага алея
Вытворчасьць рапсавага алея

Рэакцыя ўладаў і наступствы

Нягледзячы на выкрытыя схемы, ні беларускі «Аграпрадукт», ні яго партнэры пакуль ня трапілі пад эўрапейскія санкцыі. Кампаніі працягваюць карыстацца шчылінамі ў заканадаўстве, забясьпечваючы стабільныя пастаўкі алею на заходнія рынкі, гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Цалкам расьсьледаваньне можна пачытаць па спасылцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG