Жаір Балсанару быў сярод 34 чалавек, якім выставілі абвінавачаньні, у тым ліку за ўдзел ва ўзброенай злачыннай арганізацыі, спробе гвалтоўнага скасаваньня дэмакратычнага вяршэнства закону, дзяржаўным перавароце і прычыненьні шкоды, кваліфікаванай як гвалт. Пракуратура сьцьвярджае, што змова пачалася ў 2021 годзе з мэтай падарваць давер грамадзтва да электронных машын для галасаваньня, піша CNN.
У 2022 годзе Балсанару нібыта сустрэўся з амбасадарамі і дыпляматычнымі прадстаўнікамі, каб абмеркаваць абвінавачваньні ў фальсыфікацыі галасаваньня «ў спробе падрыхтаваць міжнародную супольнасьць да непавагі да народнай волі на прэзыдэнцкіх выбарах», гаворыцца ў заяве Генэральнай пракуратуры.
Нягледзячы на адсутнасьць доказаў фальсыфікацыі выбараў, абвінавачаныя нібыта працягвалі сваю кампанію дыскрэдытацыі выбарчай сыстэмы, заявіла пракуратура.
Там таксама сьцьвярджаюць, што Балсанару ўхваліў плян перавароту, які, на думку сьледзтва, уключаў сьмерць абранага прэзыдэнта Луіза Інасью Лула да Сілва і віцэ-прэзыдэнта.
Пракуроры заявілі, што апошняя спроба адмяніць вынікі выбараў адбылася 8 студзеня 2023 году, калі абвінавачаныя нібыта заахвочвалі групы прыхільнікаў Балсанару да мабілізацыі ў Бразыліі, дзе яны штурмавалі і разграмілі тры ўрадавыя ўстановы.
У лістападзе Балсанару і яшчэ 36 асобам выставілі абвінавачаньні ў рамках расьсьледаваньня меркаванай змовы аб дзяржаўным перавароце. Гэта можа падрыхтаваць глебу для гучнага судовага працэсу ў Вярхоўным судзе Бразыліі.
Каб справа не паўплывала на прэзыдэнцкія выбары, прызначаныя на 2026 год, судзьдзі Вярхоўнага суду настойваюць на завяршэньні судовага працэсу да канца 2025 году. Але малаімаверна, што суд аб’явіць сваё рашэньне аб тым, ці прымаць да разгляду справу і ці прызначаць папярэднія слуханьні, да пачатку сакавіка.
У 844-старонкавым лістападаўскім абвінаваўчым заключэньні фэдэральная паліцыя абвінаваціла Балсанару ў «поўнай абазнанасьці» наконт меркаванага пляну дзяржаўнага перавароту, каб ня даць Лулу ўступіць на пасаду. Там дадалі, што былы прэзыдэнт «плянаваў, дзейнічаў і непасрэдна і эфэктыўна кіраваў» гэтым плянам.
Пасьля выстаўленьня абвінавачаньняў Балсанару адмаўляў якія-кольвечы парушэньні закону, заявіўшы журналістам, што «ніякай занепакоенасьці з нагоды абвінавачаньняў няма».
Калі Балсанару будзе прызнаны вінаватым, яму можа пагражаць да 28 гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе CNN Brasil.
У 2023 годзе Балсанару быў адхілены ад дзяржаўнай пасады на 8 гадоў пасьля таго, як асобнае расьсьледаваньне меркаваных злоўжываньняў уладай прызнала яго вінаватым у распаўсюдзе дэзынфармацыі аб добрасумленнасьці бразыльскага выбарчага апарату перад замежнымі ўрадамі.
Форум