Аляксандар Лукашэнка правёў першую сустрэчу з фэльдмаршалам, вярхоўным галоўнакамандуючым Лібійскай нацыянальнай арміяй Халіфам Белкасімам Хафтарам, які прыехаў для абмеркаваньня супрацы зь Беларусьсю нібыта ў гуманітарнай, сацыяльнай і эканамічнай сфэрах.
«Спадар Хафтар, прашу лічыць, што вы прыехалі да сваіх сяброў, да сябе дадому. Шмат пра вас чытаў, шмат чуў, шмат мне расказвалі. Але, на жаль, сустракаюся ўпершыню. Я хачу, каб вы ведалі, што мы вельмі добра праінфармаваныя аб сытуацыі ў Лібіі. У мяне да вашага народу асаблівае стаўленьне, я быў у Лібіі ў свой час. Вядома, сёньня гэта іншая Лібія. Але вы павінны ведаць, што мы гатовыя зрабіць для вас усё, што вы пабачыце карыснага ў Беларусі», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Аляксандар Лукашэнка паабяцаў усе цяперашнія дамоўленасьці выканаць своечасова.
«Мы вельмі рады наведаць Беларусь. Велізарны вам дзякуй за запрашэньне. Мы вельмі рады і хочам супрацоўнічаць з вамі», — сказаў Халіфа Хафтар.
Паводле яго, Лібія хоча разьвіваць зь Беларусьсю «стратэгічную супрацу, на будучыню».
Летась у сьнежні найбольшы ў Бразыліі авіяцыйны сайт AEROIN паведаміў, што беларускі грузавы самалёт у абыход санкцый ажыцьцяўляе «таямнічыя» рэйсы ў Лібію.
«Дзейнічае складаная сетка авіярэйсаў паміж Беларусьсю і лібійскім Бэнгазі, прычым авіякампанія Rada Airlines выконвае рэгулярныя рэйсы, мэта якіх, як мяркуецца, перавозіць зброю для сіл вайсковага камандзіра Халіфы Хафтара, кіраўніка Нацыянальнай арміі Лібіі», — піша выданьне.
Паводле выданьня, сэрыя палётаў пачалася пасьля візыту ў Менск Садама Хафтара, аднаго з сыноў Халіфы. У часе гэтага наведваньня, якое адбылося 11 кастрычніка 2024 году, яго суправаджаў брыгадны генэрал Мухамад аль-Манфур аль-Амін, які камандуе Акадэміяй авіяцыі ва ўсходняй Лібіі.
Празь месяц пасьля гэтага візыту, 12 лістапада 2024 году, першы рэйс у гэтай незвычайнай сэрыі вылецеў з былой авіябазы ў Беларусі ў бок Бэнгазі. Гаворка ідзе пра самалёт расейскай вытворчасьці Іл-62, пераабсталяваны з пасажырскага на грузавы.
Халіфа Хафтар лічыцца адным з самых моцных ваеначальнікаў Лібіі. Яму 81 год. Вучыўся ў СССР, ведае расейскую мову.
Быў адным з паплечнікаў Муамара Кадафі, але пасьля паражэньня ў баявых дзеяньнях у Чадзе яго ўзялі ў палон, а Кадафі ад яго адмовіўся. Пасьля гэтага Халіфа Хафтар пачаў узаемадзейнічаць з апазыцыйным Кадафі Нацыянальным фронтам выратаваньня Лібіі, які базаваўся ў Чадзе. Пасьля перавароту ў Чадзе ў 1990 годзе яго вывезьлі ў ЗША, дзе ён атрымаў грамадзянства. У Лібію ён вярнуўся ў 2014 годзе, пасьля грамадзянскай вайны ў краіне.
Форум