Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць прыкметы таго, што Расея стварае вайсковую базу ў Лібіі. Самалёты на яе лятаюць і зь Беларусі


Прылёты расейскіх самалётаў на вайсковую базу Аль-Джуфра ў Лібіі 5, 10 і 15 сьнежня 2024
Прылёты расейскіх самалётаў на вайсковую базу Аль-Джуфра ў Лібіі 5, 10 і 15 сьнежня 2024

Абсталяваньне новай імавернай базы — з былой базы ў Сырыі, дзе абрынуўся рэжым Асада.

У апошнія месяцы паміж Сырыяй і лібійскім горадам Бэнгазі пачасьціліся палёты прыватнай сырыйскай авіякампаніі Cham Wings, на самалётах якой у Лібію ўцяклі афіцэры арміі Башара Асада. Пра гэта піша расейская служба Свабоды са спасылкай на францускае выданьне Le Monde.

Пасьля 8 сьнежня 2024 году, калі ў Сырыі абрынуўся рэжым пракрамлёўскага палітыка Башара Асада, Расея пачала перавозіць войскі і абсталяваньне з сырыйскіх базаў у Лібію. У прыватнасьці, транспарт накіроўваўся на паўднёвы ўсход Лібіі, у рэгіёны Кірэнаіка і Фіцан. Гэтыя тэрыторыі знаходзяцца пад кантролем 81-гадовага маршала Халіфы Хафтара і яго сыноў.

Раней зьяўляліся зьвесткі аб тым, што Асада і Хафтара зьвязвалі агульныя дзелавыя інтарэсы. Сярод іх быў і гандаль наркотыкам каптагонам, распаўсюджаным у краінах Блізкага Ўсходу.

Le Monde зьвяртае ўвагу на тое, што расейскія войскі рэканструююць раней закінуты аэрадром Маатэн-эс-Сара на паўднёвым усходзе краіны, недалёка ад мяжы з Чадам і Суданам. У сувязі з гэтым аўтары зазначаюць, што Расея замацавалася ў Лібіі яшчэ ў 2010-х гадах. Цяпер, як мяркуюць журналісты, расейскія вайскоўцы заняліся ў Лібіі стварэньнем сваёй асноўнай базы на Блізкім Усходзе.

Ва ўладкаваньні лібійскай базы, падобна, бяруць удзел у самалёты, зарэгістраваныя ў Беларусі.

«Міжнароднае францускае радыё» цытуе публікацыю Le Monde, у якой, са спасылкай на крыніцу ў дыпляматычных колах, паведамляецца: «З 8 сьнежня 2024 году грузавыя самалёты „Іл“ рэгулярна лятаюць на базы Аль-Хадзім (на ўсход ад Бэнгазі) і Аль-Джуфра (350 км на поўдзень)».

Напрыклад, 25 студзеня зарэгістраваны ў Беларусі самалёт Іл-76 вылецеў зь Менску і накіраваўся на поўдзень. Журналісты Le Monde сачылі за яго рухам на сайце Flightradar24, пакуль ягоны перадатчык не перастаў перадаваць сыгнал у раёне Бэнгазі.

Што да марскіх зносінаў паміж базай Тартус у Сырыі і ўсходнімі лібійскімі портамі Табрук і Бэнгазі, то пасьля завяршэньня расейцамі эвакуацыі базы з сырыйскага гораду Тартус на ўсходзе Міжземнага мора марскі транспарт ідзе цяпер з Балтыйскага, праз Атлянтыку і Гібральтар, у лібійскія порты на паўночным узьбярэжжы Афрыкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG