Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хачу размаўляць пра грошы». На Бэрлінале адбылася прэм’ера беларускага фільма


На прэм'еры фільма “Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава” Юрыя Сямашкі на Бэрлінале.
На прэм'еры фільма “Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава” Юрыя Сямашкі на Бэрлінале.

Гэта першы беларускі ігравы поўнамэтражны фільм у конкурсе Бэрлінскага міжнароднага кінафэстывалю — 14 лютага тут адбылася сусьветная прэм’ера «Лебядзінай песьні Фёдара Азёрава» Юрыя Сямашкі. Рэпартаж Ірэны Кацяловіч.

Апроч аповеду нетрывіяльнай гісторыі, стужка адлюстроўвае стан беларусаў і беларускага кіно за мяжой: зьнятая беларускай камандай пераважна на беларускай мове і пра беларусаў, карціна зьяўляецца літоўска-нямецкай паводле прадукцыі, а выканаўца галоўнай ролі ня змог прыехаць на прэм’еру праз праблемы з легалізацыяй.

Галоўны актор ня змог прыехаць

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэм’ера фільма адбылася ўвечары 14 лютага ў бэрлінскім Delphi-Filmpalast, які ўмяшчае 600 чалавек, — калі квіткі трапілі ў продаж, яны былі раскупленыя ў першыя хвіліны. На Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі «Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава» удзельнічае ў конкурсе Forum, мэта якога «пашырыць разуменьне таго, што такое фільм, дасьледаваць межы канвэнцый і адкрыць новыя пэрспэктывы».

Стужку і яе рэжысэра Юрыя Сямашку на прэм’еры прадставіла кіраўніца конкурсу Барбара Вурм: «У нас адбываецца шмат прэм’ер, і гэтая, безумоўна, адна з многіх. Але яна адна зь некалькіх, на якія мы ўскладаем самыя вялікія чаканьні». З гэтай прычыны, як патлумачыла Барбара Вурм, яна запрасіла з сабой двух чалавек з «вялізнай адборачнай каманды», і сярод іх аказаўся Ігар Сукманаў, былы праграмны дырэктар Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад». З 2021 года фэстываль курыруе кінастудыя «Беларусьфільм».

На прэм’еру, як заведзена на буйных кінафэстах, прыехала каманда фільма: апэратар Сяргей Кавалёў, акторы, сярод якіх Павал Гарадніцкі і Міхаіл Зуй, сапрадусар Леанід Каліценя, літоўскі прадусар Кястуціс Драздаўскас — усяго каля 20 чалавек.

Юры Сямашка
Юры Сямашка

«Я шчасьлівы быць тут і вельмі рады прэмʼеры на Бэрлінале, — сказаў рэжысэр Юры Сямашка, прадстаўляючы фільм. — Але ёсьць адна рэч, якая мяне засмучае. Гэта тое, што выканаўцы галоўнай ролі музыкі Вячаслава Кміта няма тут з нашай камандай. У яго няма дакумэнтаў, каб легальна перасекчы нямецка-польскую мяжу нават на прэмʼеру на Бэрлінале. Гэты фільм здымалі беларускія эмігранты, якія пакінулі сваю радзіму не па сваім жаданьні, якія жывуць і працуюць у Польшчы. Я спадзяюся, ён будзе напамінам, што эмігранты здольныя ня толькі працаваць у дастаўцы, таксі ці клінінге — яны здольныя здымаць фільмы, прэмʼеры якіх адбываюцца на Бэрлінале».

Ролі выканалі музыкі

Фрагмэнт фільма “Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава” Юрыя Сямашкі на Бэрлінале.
Фрагмэнт фільма “Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава” Юрыя Сямашкі на Бэрлінале.

«Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава» апавядае гісторыю музыкы, які хоча напісаць новыя песьні і сабраць свой гурт, пакуль людзі навокал рыхтуюцца да Трэцяй сусьветнай вайны. Фёдар выяўляе, што магічны швэдар, які, як хлопец лічыць, дапамагае яму пісаць песьні, зьнік, і таму выпраўляецца на яго пошукі, што прыводзіць да трагічнага здарэньня. У выніку музыка атрымлівае сваю славу, праўда, у вельмі неканвэнцыйнай публікі.

«Лебядзіная песьня» здымалася ў Варшаве, але дзеяньне карціны адбываецца ў Беларусі. Мы бачым беларускія грошы, менскі адрас у google-мапах на экране тэлефона, героі размаўляюць на беларускай і расейскай мовах. Старт стужцы даў Інкубатар мікрабюджэтнага кіно ініцыятывы Belarusian Filmmakers Network, першапачатковы бюджэт склаў 4 тысячы эўра, на этапе постпрадукцыі ён вырас у некалькі разоў, але застаўся мізэрным па мерках эўрапейскай кінаіндустрыі.

«Я не хачу размаўляць пра грошы», — сышоў ад адказу Юрый Сямашка на пытаньне Барбары Вурм пра бюджэт фільма. Пасьля паказу здымачная каманда выйшла на сцэну, і кіраўніца конкурсу Forum з гледачамі паўгадзіны распытвалі стваральнікаў «Лебядзінай песьні». — У нас вельмі моцнае беларускае кам’юніці ў Варшаве, так што знайсьці людзей было няцяжка, мне проста пашанцавала знайсьці слушных людзей. Кастынг доўжыўся ўсяго два тыдні, акторы перадавалі абвестку адзін аднаму, часам у каманду прыходзілі людзі, на якіх спасылаліся іншыя».

Фрагмэнт фільма “Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава” Юрыя Сямашкі на Бэрлінале.
Фрагмэнт фільма “Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава” Юрыя Сямашкі на Бэрлінале.

Юрый падзяліўся, што амаль усе акторы, якія сыгралі ў фільме, зьяўляюцца музыкантамі, таму ён мог бясплатна выкарыстоўваць іх песьні. Рэжысэр таксама шчыра прызнаўся аўдыторыі, што яму не падабаецца гук у фільме, таму што ён не адчувае ў ім моцы музыкі і глядзеў фільм быццам на сваім лэптопе, — звычайна аўтары не крытыкуюць працу над сваімі творамі на прэм’ерах. За гук у «Лебядзінай песьні» адказвала нямецкая кампанія, рабіўся ён у вельмі абмежаваны час.

Павел Гарадніцкі прасьпяваў у фільме песьню «Петушкі» гурта «Разьбітае сэрца пацана» — тут ён выконвае ролю ў пэўным сэнсе настаўніка галоўнага героя, які і дорыць яму той самы магічны швэдар.

Фрагмэнт фільма “Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава” Юрыя Сямашкі на Бэрлінале.
Фрагмэнт фільма “Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава” Юрыя Сямашкі на Бэрлінале.

«Я іграю ў гурце, але як клавішнік, а не гітарыст, — кажа музыка. — Юрый папрасіў гэтую канкрэтную песьню пад гітару, яна ня самая нашая вядомая, і мне было цяжка ўспомніць яе і перавучыць пад гітару. Але гэта быў слушны выбар: песьня сьмешная і надае панкаўскі настрой».

Амаль уся здымачная каманда — беларускамоўная

Прадусар Кястуціс Драздаўскас прызнаўся, што ён і сам музыкант і некалькі гадоў іграў у гурце. «Bielorussia is..., — з публікі паправілі, што правільна казаць Belarus і Belarusian, і прадусар быццам бы пагадзіўся. — Я вельмі рады, што мы цяпер у такім становішчы, што можам дапамагаць беларусам рабіць свае фільмы. Мы з маленькай краіны і з усяе сілы стараемся здымаць кіно, але мы за 30 гадоў ад таго, дзе ўсё яшчэ знаходзяцца яны. І мы рады дапамагчы».

Публіка адзначыла апэратарскую працу. Сяргей Кавалёў прызнаўся, што гэта ягоны дэбют у ігравым кіно: дагэтуль ён працаваў толькі ў дакумэнтальным, напрыклад, над фільмамі «Маршрут перабудаваны» Максіма Шведа ці «Галасы. Дзе мой край» таго ж рэжысэра. «Часам кадар ня ў фокусе, — патлумачыўся апэратар, — Таму што ў нас не было асыстэнта па фокусе, але спадзяюся, наступным разам будзе».

Фрагмэнт фільма “Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава” Юрыя Сямашкі на Бэрлінале.
Фрагмэнт фільма “Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава” Юрыя Сямашкі на Бэрлінале.

Хтосьці ў аўдыторыі спытаў пра рашэньне выкарыстоўваць адначасова беларускую і расейскую мовы ў фільме. «Так мы размаўляем у нашым грамадзтве, для нас гэта натуральна, і мы разумеем адзін аднаго. Можа, для тых, хто ведае толькі расейскую, цяжка зразумець фільм, але мяне гэта не хвалюе», — адказаў рэжысэр і заля расьсьмяялася.

«Практычна ўся нашая каманда беларускамоўная, — сказала акторка Віялета Рагачова, якая сыграла сястру галоўнага героя. — На здымках было цяжка размаўляць па-расейску, з чым зьвязаныя вельмі сьмешныя моманты. Напрыклад, Наста (Наста Рысік, — Аўт.) ніяк не магла вымавіць „холодильник“, і давялося рабіць некалькі дубляў».

Віялета Рагачова падзялілася, што адчувала на здымачнай пляцоўцы «незвычайную свабоду», а рэжысэр прапанаваў акторам зьмяняць тэкст так, як яны лічаць лепш. Юрый Сямашка на гэта запярэчыў.

Глядач спытаў у Юрыя, ці ён хацеў сказаць сваім сюжэтам, што маладыя беларускія творцы ў эміграцыі абыякавыя да палітыкі.

«Фільм не пра людзей у эміграцыі, — адказаў Юрый. — Вядома, мы здымалі яго ў Польшчы, але я стараўся гэта схаваць, хаця ў нас бракавала бюджэту, каб схаваць добра. Гэта пра творцаў, якія жывуць у сьвеце, калі той развальваецца, і вырашаюць, напрыклад, зьняць музычны фільм. Сёньня шмат дрэнных навін, яны былі ўчора, будуць заўтра, і я задаю сабе пытаньне, навошта мы гэта робім — фільмы, песьні. Мой фільм пра мастакоў, якія жывуць у гэтым сьвеце».

Паказы «Лебядзінай песьні Фёдара Азёрава» адбудуцца ў межах Бэрлінале таксама 16 і 22 лютага.

Ірэна Кацяловіч для Радыё Свабода

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG