Фільм «Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава» беларускага рэжысэра Юрыя Сямашкі ўключылі ў праграму Forum Бэрлінскага міжнароднага кінафэстывалю, аднае з найбуйнейшых і самых прэстыжных кінападзеяў сьвету, паведамляе DW.
Гэтая драма з элемэнтамі камэдыі (драмэдзі) стала першай поўнамэтражнай працай беларускага рэжысэра-самавука, піша выданьне. Карціна была створаная практычна безь бюджэту і часткова фінансавалася з дапамогай гранту Інкубатара мікрабюджэтнага кіно ініцыятывы Belarusian Filmmakers’ Network.
Фільм расказвае гісторыю 25-гадовага музыканта Фёдара Азёрава, які перад Новым годам спрабуе сабраць свой музычны гурт і напісаць новы матэрыял. Аднак пляны героя парушае зьнікненьне ягонага ўлюбёнага швэдра з рамонкамі, які ён лічыць крыніцай сваіх «магічных» здольнасьцяў пісаць песьні. Пошукі швэдра разгортваюцца на фоне чутак пра магчымую трэцюю сусьветную вайну, што дадае сюжэту іранічнай актуальнасьці.
Фільм здымалі ў Варшаве, а паводле прадусарскай кампаніі ён лічыцца літоўскім, хоць большая частка каманды — беларусы. Прыкладна 60% дыялёгаў у фільме гучаць на беларускай мове, рэшта — па-расейску. У фільме зьняліся беларускія музыканты і акторы, уключаючы Вячаслава Кміта, Паўла Гарадніцкага і Міхаіла Зуя, а таксама акторы варшаўскага «Тутэйшага тэатру». Мастачка па касьцюмах Анастасія Рабава стварыла той самы «магічны» швэдар, які стаў сымбалем фільму.
Нягледзячы на мікрабюджэт, праца над фільмам вялася зь вялізным энтузіязмам. Паводле апэратара Сяргея Кавалёва, здымкі праходзілі ў складаных умовах, былі начныя зьмены, а для стварэньня аднаго інтэр’еру выкарыстоўваліся розныя кватэры. Выканаўца галоўнай ролі Вячаслаў Кміт адзначыў, што здымачны працэс натхніў яго вярнуцца да творчасьці — пасьля заканчэньня здымак ён напісаў альбом для свайго гурту.
Праход фільму на «Бэрлінале» стаў важнай падзеяй для беларускага кіно. Гэта пацьверджаньне, што нават пры абмежаваных рэсурсах магчыма стварыць якаснае кіно, здольнае прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці. У рамках фэстывалю таксама пройдзе пітчынг новых праектаў беларускіх рэжысэраў, што адкрывае дадатковыя пэрспэктывы для аўтараў зь Беларусі.
- Юры Сямашка нарадзіўся ў 1993 годзе ў Менску. Інжынэр па адукацыі, кінамастацтва асвойваў самастойна, здымаючы кароткамэтражкі і лялечныя мультфільмы.
- У 2022–2023 гадах ягоны кароткамэтражны фільм «Сьмецьцевая галава» выйграў беларускую конкурсную праграму фэстываляў Bulbamovie (Польшча, 2022) і Unfiltered cinema (Беларусь, 2023), быў адабраны ў міжнародную праграму International Short Film Festival Oberhausen (Нямеччына, 2023). Атрымаў тры прэміі «Чырвоны верас» ад беларускіх кінакрытыкаў. «Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава», здымкі якой Сямашка скончыў летась, стала ягоным першым поўнамэтражным фільмам.
Форум