Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікаў не рыхтаваць спэцыялістаў, на якіх будзе попыт за мяжой, а таксама падтрымліваць шматдзетныя сем’і выбарачна


Аляксандар Лукашэнка падчас нарады 23 кастрычніка
Аляксандар Лукашэнка падчас нарады 23 кастрычніка

Падчас нарады з кіраўніцтвам Савету міністраў Аляксандар Лукашэнка сярод іншага крытычна выказаўся наконт навучаньня ў магістратуры і падтрымкі шматдзетных сем’яў.

«Некалькі гадоў таму мы на гэтую тэму з вамі грунтоўна пагаварылі і вызначыліся: ніякага Балёнскага працэсу, у нас нармальная адукацыя», — заявіў Лукашэнка.

Ён прыгадаў, што раней была папулярная тэма Балёнскага працэсу, каб, на ягоную думку, падрыхтаваць «спэцыялістаў на ўсе рукі», на якіх будзе попыт за межамі краіны.

«Я памятаю гэту размову. Вы што, у беларускіх унівэрсытэтах будзеце рыхтаваць для замежжа людзей?» — сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, беларусы змогуць вучыцца ў магістратуры толькі тады, калі далей зьбіраюцца займацца навукай і выкладаньнем.

Іншая справа — замежнікі.

«Яны плацяць грошы за ўсё, за магістратуру. Прыходзьце, навучайцеся ў магістратуры ў тым ліку. Колькі хочаце гадоў. Вашы грошы, мы вас вучым. Едзьце куды хочаце працаваць», — зрабіў выключэньне для іншаземцаў Лукашэнка.

Таксама ён раскрытыкаваў практыку будаўніцтва жыльля для шматдзетных сем’яў.

«Мы пачалі будаваць жыльлё ў Менску, у зручных месцах, сьцягваючы рабочую сілу ў гарады. Што мы робім? — сказаў Лукашэнка. — Мы навошта шматдзетныя семʼі сьцягваем да Менску? Яны павінны, як усе, жыць па ўсёй краіне. Раўнамернае разьмеркаваньне рабочых рук, рабочай сілы, як гэта было ў савецкія часы».

Ён выступіў за тое, каб будаваць жыльлё для шматдзетны за межамі вялікіх гарадоў.

«Трэба корпацца ў зямлі і нешта рабіць сваімі рукамі. Мы пра гэта забылі, пачалі ў Менску, абласных цэнтрах будаваць жыльлё для шматдзетных», — сказаў Лукашэнка.

І яшчэ ён адзначыў, што толькі таго, што сям’я мае шмат дзяцей, недастаткова для таго, каб ёй дапамагаць.

«Перш чым забясьпечыць чалавека, дом даць або кватэру, вы разьбярыцеся, каму мы зь дзяржпадтрымкай даём жыльлё, што гэта за шматдзетныя семʼі. Разьбірацца трэба ў дэталях», — распарадзіўся Лукашэнка.

Цікава, што 7 жніўня сам Лукашэнка падпісаў распараджэньне пра будаўніцтва на месцы палігона на ўсходзе Менску новага мікрараёну «Зялёны Бор». У ім заплянавана пабудаваць 4 мільёны квадратных мэтраў сацыяльнага жыльля.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG