Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінапартызанства на чырвоным дыванку «Бэрлінале». Як прайшла цырымонія ўручэньня прэміі «Чырвоны верас»


Цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас» на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі. Юры Сямашка і Андрэй Кашперскі
Цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас» на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі. Юры Сямашка і Андрэй Кашперскі

На мінулых выходных беларускія кінакрытыкі ўручылі прэмію «Чырвоны верас». Журналіст Радыё Свабода наведаў цырымонію і паразмаўляў з арганізатарамі аб праблемах беларускай кінавытворчасьці.

17 лютага ў рамках Бэрлінскага міжнароднага кінафэстывалю прайшла цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас». Сёлета 16 кінакрытыкаў, журналістаў і дасьледнікаў, якія ўваходзяць у журы, вызначалі найлепшых беларускіх аўтараў і стужкі, зьнятыя ў 2021 і 2022 гадах.

Прэмія зьявілася летась, але тады ўганараваньне прайшло досыць сьціпла: вынікі конкурсу намінанты атрымалі праз электронную пошту. Цяпер жа «Чырвоны верас» выйшаў на сцэну і адразу ў рамках аднаго з найбуйнейшых эўрапейскіх кінафэстываляў. Арганізатары кажуць, што і самі не чакалі, што ўсё адбудзецца менавіта на гэтай пляцоўцы. Маўляў, так склаліся абставіны.

Цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас» на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі
Цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас» на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі

Цешыліся ня толькі арганізатары, але і леташнія ляўрэаты прэміі. Магчымасьцю прамовіць скарыстаўся рэжысэр Максім Швед, які летась узяў найбольш узнагародаў за фільм «Чыстае мастацтва», а сёлета абвяшчаў найлепшы дакумэнтальны фільм. «Маем нагоду прыбрацца: некаторыя выцягнулі з шафы гарнітуры, іншыя нават пайшлі купляць», — сказаў ён на цырымоніі.

«Бэрлінале» пачаў знаёмства зь незалежнымі беларускімі кінэматаграфістамі яшчэ ў 2021 годзе, калі адбылася прэзэнтацыя Belarusian Filmmakers’ Network. Пазьней пра сябе заявіла яшчэ Беларуская незалежная кінаакадэмія (яна ж рабіла пітчынг працаў беларускіх творцаў).

«Мы працягваем агульны кірунак на знаёмства», — кажа адзін з арганізатараў «Чырвонага верасу» кінажурналіст Тарас Тарналіцкі.

Ён зьвяртае ўвагу, што наведнікі «Бэрлінале» збольшага цікавяцца тым, што існуе на былой савецкай прасторы.

«Яны хутчэй да нас прыглядаюцца. Няма яшчэ сфармаванай думкі наконт беларусаў і беларускага кіно, але яны радыя бачыць нас, бачыць, што мы нешта робім. У адрозьненьне ад тых, хто едзе на Ўсход і робіцца часткаю „русского мира“. Нам жа ўдаецца захаваць сваю ідэнтычнасьць», — кажа Тарналіцкі.

Цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас» на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі. Ірэна Кацяловіч і Аляксей Палуян
Цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас» на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі. Ірэна Кацяловіч і Аляксей Палуян

Цагліна з галінкай верасу як мэтафара беларускага кіно

Асаблівасьцю сёлетняга ўручэньня стала зьяўленьне сярод намінантаў чатырох ананімаў. Тарас Тарналіцкі называе гэта прыкметаю новай эпохі — беларускага кінапартызанства, бо здымаць у краіне цяпер стала сапраўды небясьпечна.

«Мы казалі ўдзельнікам, што яны могуць схаваць імя. Мне здаецца, важна працягваць хаця б так намацваць культурны кантэкст, залучаць гэтых людзей, нават калі яны баяцца. Такі вось гібрыдны фармат, зь якім мы спрабуем працаваць, і, відаць, адзіны магчымы, каб неяк яднацца і ствараць агульную справу, прасоўваць і папулярызаваць беларускае кіно», — кажа кінакрытык.

Асаблівая і сама статуэтка аўтарства беларускага мастака Аляксандра Адамава ў выглядзе сапраўднай цагліны, зь якой прабіваецца галінка верасу. Паводле арганізатараў, гэта мэтафара беларускага кіно. Удзельнікі жартавалі, што цяпер ляўрэаты будуць мець з чаго закладваць падмуркі (мэтафарычныя ці сапраўдныя).

17 лютага на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі прайшла цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас»
17 лютага на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі прайшла цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас»

Рэжысэр Юры Сямашка забраў 3 з 4 статуэтак у сваіх намінацыях за фільм «Сьмецьцевая галава». Гэты фільм Сямашка зрабіў у 2021 годзе, седзячы дома з сабакам і галавою з пап’е-машэ. «Нічога немагчымага», сказаў рэжысэр у сваёй прамове. Сямашку ўзрушыла, што гэта ягоны сёмы фільм, але для кінакрытыкаў ён стаў адкрыцьцём толькі цяпер.

Найбольш узнагародаў узяў фільм «Спатканьне ў Менску». Рэжысэра Мікіты Лаўрэцкага на цырымоніі не было, але ён запісаў адметнае відэапасланьне для гледачоў. І гэта, як і «Сьмецьцевая галава», таксама прыклад стужкі, зьнятай на тэлефон цягам аднаго дня з удзелам толькі дваіх актораў — Мікіты і ягонай дзяўчыны Вольгі. Апэратаркай выступіла Юлія Шатун, якая за сваю працу таксама атрымала цагліну зь верасам. Падчас прамовы яна падзякавала Мікіту за запрашэньне ў фільм, што праўда, адной з галоўных прычын ягонага рашэньня была наяўнасць у Юлі новага тэлефона зь лепшай камэрай.

17 лютага на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі прайшла цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас»
17 лютага на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі прайшла цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас»

У пэўных намінацыях арганізатары вызначылі адразу двух пераможцаў. Не таму, каб ня крыўдзіць калег. Насамрэч усё прасьцей: пераможцаў вызначала галасаваньне і выніковыя балы. Калі іх было пароўну, то абедзьве стужкі і атрымлівалі ўзнагароду.

Акурат празь недахоп балаў і розьніцу поглядаў сяброў журы арганізатары вырашылі асобна вылучыць яшчэ тры карціны. Адна зь іх — «Мы ня ведалі адно аднаго да гэтага лета». Адзнаку далі «Калектыўнаму сьведку», які, рызыкуючы жыцьцём і здароўем, выходзіў на вуліцы Менску ў 2020 годзе.

Праблема паглядзець

Крытыкі кінакрытыкаў зьвярталі ўвагу на тое, што частку фільмаў-намінантаў беларусы ня бачылі і ня могуць пабачыць. Сапраўды, ёсьць праблема дыстрыбуцыі беларускага кіно, якую цяпер часткова вырашаюць YouTube і плятформа Vodblisk (бясплатная для беларусаў у Беларусі).

Апанэнты дададуць: а ці ёсьць увогуле што паглядзець? З аднаго боку, беларускае акторскае кіно моцна саступае дакумэнтальнаму і часта выглядае, як аматарская праца. З другога — кінэматаграфісты кажуць пра нястачу фінансаваньня, маўляў, замежныя прадусары не зацікаўленыя ў беларускіх аўтарах, ад чаго апошнія пачынаюць страчваць надзею.

17 лютага на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі прайшла цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас». Леанід Каліценя і Максім Жбанкоў
17 лютага на Бэрлінскім міжнародным кінафэстывалі прайшла цырымонія ўзнагароджаньня беларускай прэміяй «Чырвоны верас». Леанід Каліценя і Максім Жбанкоў

Тарас Тарналіцкі аспрэчвае такую думку: калі праект мае добрую тэму і магчымасьці для фінансаваньня, ён мае ўсе шанцы зацікавіць міжнародных прадусараў.

«Ёсьць прыклады, як „Радзіма“, якая ня мае беларускага фінансаваньня, стваралася пры дапамозе трох іншых краінаў. Гэта асобны і ўнікальны выпадак. [Іншаземцы] да нас прыглядаюцца, бо ня маюць сфармаванай думкі. Я б не абагульняў. Іхная зацікаўленасьць зьвязаная з асобнымі праектамі».

Ці можна ўжо чакаць цырымоніі ўручэньня «Чырвонага верасу» налета? Пад жывое выкананьне гурту Shuma пасьля афіцыйнай часткі кінажурналіст Тарас Тарналіцкі адказаў ёміста: «Я маю надзею, што прэмія будзе працягвацца, але хто ведае». Падобна ў сваёй прамове падчас цырымоніі сказаў Максім Швед: «Мы ўсе маем мару».

Поўны сьпіс намінантаў і пераможцаў:

(чорным колерам выдзеленыя пераможцы)

«Найлепшы дакумэнтальны поўнамэтражны фільм»

1. «Мара» Сашы Кулак.

2. «Мы ня ведалі адно аднаго да гэтага лета» Вольгі Абрамчык.

3. «Сьмеласьць» Аляксея Палуяна.

«Найлепшы дакумэнтальны кароткамэтражны фільм»

1. «Дзёньнік Анастасіі» Максіма Буйніцкага.

2. «Маладосьць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч.

3. «Мэтадычка» Паўла Мажара.

«Найлепшы ігравы поўнамэтражны фільм»

1. «A Kid’s Flick» Мікіты Лаўрэцкага.

2. «Лета 1989» Уладзіміра Казлова.

3. «Спатканьне ў Менску» Мікіты Лаўрэцкага.

«Найлепшы ігравы кароткамэтражны фільм»

1. «Ператрымка» Андрэя Кашперскага.

2. «Сьмецьцевая галава» Юрыя Сямашкі.

3. «У жывым эфіры» Мары Тамковіч.

«Найлепшы анімацыйны фільм»

1. «Вячэра з індыком» Глеба Куфцерына.

2. «The Primitives» Генадзя Буто.

3. «Shirey Mara» Наты Карнеевай.

«Найлепшы(ая) рэжысэр(ка)»

1. Ананімная рэжысэрка.

2. Саша Кулак за фільм «Мара».

3. Мікіта Лаўрэцкі за фільм «Спатканьне ў Менску».

«Найлепшы актор»

1. Мікіта Лаўрэцкі за ролі ў сваіх фільмах.

2. Андрэй Новік за ролю ў фільме «Ператрымка».

3. Ананімны актор.

«Найлепшая акторка»

1. Лянка Грыў за ролю ў фільме «Soyka».

2. Аляксандра Вайцэховіч за ролю ў фільме «У жывым эфіры».

3. Вольга Кавалёва за ролі ў фільмах «Спатканьне ў Менску» і «A Kidʼs Flick».

«Найлепшая праца апэратара(кі)»

1. Тацяна Гаўрыльчык і Есэ Мазух за фільм «Сьмеласьць».

2. Юлія Шатун за фільм «Спатканьне ў Менску».

3. Саша Кулак за фільм «Мара».

«Найлепшы сцэнар»

1. Уладзімер Казлоў за фільм «Лета 1989».

2. Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй за фільм «Ператрымка».

3. Мара Тамковіч за фільм «У жывым эфіры».

«Найлепшае мастацкае рашэньне (праца мастака-пастаноўшчыка»)

1. Юры Сямашка за фільм «Сьмецьцевая галава».

2. Dymna Vyderka за фільм «Мара».

3. Valentina Caniglia за фільм «Soyka».

«Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара і/ці гукарэжысэра»

1. Вольга Падгайская і ананімны саўнд-дызайнэр за фільм «Галасы. Дзе мой край».

2. Юрый Сямашка за фільм «Сьмецьцевая галава».

3. Генадзь Буто за фільм «Too Big Drawing».

«Адкрыцьцё году»

1. Ананімная рэжысэрка.

2. Павал Мажар.

3. Юры Сямашка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG