Бэрлінале — гэта штогадовы міжнародны кінафэстываль клясы «А». Сёлета ўпершыню ў гісторыі на фэстывалі прадстаўлены беларускі стэнд, а 17 лютага адбылася прэзэнтацыя Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA) і 10 праектаў беларускіх аўтараў.
«У межах Бэрлінале праходзіць Эўрапейскі кінарынак — адзін з найбуйнейшых рынкаў сьвету, дзе ўсе краіны прадстаўляюць свае кінэматаграфіі. Гэта вельмі знакавая падзея для Беларусі, для незалежнай беларускай кінаіндустрыі. Восем год таму я пачынала працаваць у кіно, і за ўсе гэтыя гады ў мяне былі думкі: як было б крута, калі б у Беларусі быў свой павільён на кінарынку ў Бэрліне! І вось агульнымі намаганьнямі мы сёлета зрабілі гэта магчымым. Гэта неверагодны кайф, вялікі крок наперад і проста радасьці маёй няма мяжы і захапленьню тым, як мы пастараліся з сузаснавальнікамі Беларускай незалежнай кінаакадэміі», — кажа рэжысэрка, прадусарка, заснавальніца кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне» Воля Чайкоўская.
«Гэта дае падставу гаварыць пра нашу незалежную кінаіндустрыю»
Эўрапейскі кінарынак — гэта накшталт кніжнай выставы-кірмаша, параўноўвае Воля. Толькі кінарынак у разы большы, некалькі лякацый, і кожная краіна прадстаўляе свае праекты і кінаіндустрыю.
«Усё прайшло вельмі добра, было вельмі шмат людзей, — каля 200 чалавек дакладна. Вельмі цёплы водгук. Выступалі дырэктар Эўрапейскай кінаакадэміі, старшыня German Films, дырэктарка Бэрлінскага кінафэстывалю. Міністарка культуры Нямеччыны Кляўдыя Рот дала палітычную прамову ў падтрымку Беларусі з пасылам, што Беларусь не павінна быць забытая на фоне вайны ва Ўкраіне, што Нямеччына падтрымлівае Беларусь, і іншае. Беларуская незалежная кінаакадэмія стала нагодай гаварыць пра Беларусь ня толькі на кінаўзроўні, але і на грамадзка-палітычным. Гэта вельмі вялікая падзея, вельмі значная».
На прэзэнтацыі прадставілі 10 найноўшых праектаў беларускіх творцаў.
«Быў мой праект „The wife of“ („Чыясьці жонка“) дакумэнтальны, новы праект Лёшы Палуяна гульнявы, на які ён шукае грошы, Сашы Кулак, Мары Тамковіч, Улады Сяньковай, Андрэя Куцілы, Мікіты Лаўрэцкага, Ксеніі Галубовіч, Алены Ясінскай, Дашы Жук».
Воля кажа, што праекты выклікалі вялікі інтарэс.
«Разабралі ўсе буклеты, якія ў нас былі, мне не засталося ніводнага, — сьмяецца Воля. — Я спадзяюся, што гэта дасьць моцны штуршок для таго, каб беларускае незалежнае кіно працягвала жыць, разьвівацца і расьці. Мы ўсіх адправілі на наш стэнд, канечне. Шмат было людзей, якія падыходзілі з прапановамі супрацоўніцтва рознага кшталту, кропкава для аўтарак і аўтараў падыходзілі. Я думаю, што гэта была такая карысная сустрэча. Гэта вялікі дзень, сапраўды».
Бэрлінале дае беларускаму кінэматографу бачнасьць і заўважнасьць, перакананая Воля.
«Гэта на самой справе дае базу і падставу гаварыць пра нашу незалежную кінаіндустрыю як пра зьяву, а не як пра нейкія адзінкавыя выпадкі посьпеху ў кіно. Гэта будзе выклікаць шмат павагі, я спадзяюся, сам факт таго, што мы аб’ядналіся, што мы ўсе такія розныя, праекты розныя, густы розныя, але тым ня менш гэта вельмі дарагога варта».