Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы з Польшчай урачыста адкрылі адрамантаваны пераход «Бераставіца». Але ёсьць нюанс


Пераход «Бераставіца».
Пераход «Бераставіца».

На беларуска-польскай граніцы пасьля рэканструкцыі адкрылі пункт пропуску «Бераставіца».

Пра гэта паведамляе БелТА.

Аднак трапіць празь яго ў Польшчу немагчыма. Пункт пропуску «Баброўнікі» з польскага боку мяжы закрыты з 10 лютага 2023 году. Закрыцьцё «Баброўнікаў» стала рэакцыяй Варшавы на прысуд аднаму зь лідэраў польскай грамады Беларусі, журналісту і грамадзкаму дзеячу Анджэю Пачобуту. Ён быў асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня.

Польскі бок ня раз заяўляў, што «Баброўнікі» будуць адразу адкрытыя, калі Пачобут будзе вызвалены.

Сёньня на адкрыцьці пункту пераходу «Бераставіца» старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік заўважыў, што зь беларускага боку на пераходзе гарыць зялёнае сьвятло. «Я спадзяюся, што і сумежная дзяржава калі-небудзь чырвонае сьвятло ўсё ж такі заменіць на зялёнае» — сказаў ён.

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Ўладзімер Арлоўскі паведаміў, што цяпер толькі 20% экспарту і імпарту праходзіць празь беларускую мяжу з Эўразьвязам, 80% зарыентаваныя на ўсходні кірунак.

«На жаль, цяпер у мытнай сфэры з нашымі партнэрамі з Эўрапейскага Зьвязу (Літва, Польшча і Латвія) канструктыўнага дыялёгу няма. Шэраг пагадненьняў у мытнай сфэры з ініцыятывы нашых заходніх партнэраў дэнансаваны, цяпер кантакты на мінімальным узроўні» — заявіў кіраўнік Мытнага камітэту.

1 сакавіка 2024 году Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы зь Беларусью — «Катлоўка» (зь літоўскага боку — «Лаварышкі») і «Прывалка» («Райгорад»). На працягу году заставаліся адкрытымі 5 пунктаў пропуску на межах з краінамі Эўразьвязу: з Латвіяй «Грыгораўшчына» (з латвійскага боку — «Патэрніекі»); зь Літвой «Каменны Лог» (зь літоўскага боку — «Меднікі») і «Беняконі» («Салечнікі»); з Польшчай грузавы — «Казловічы» (з польскага боку — «Кукурыкі»), пасажырскі — «Берасьце» («Тарэспаль»).

У студзені міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў паведаміў, што летась аб’ём гандлю Беларусі з Эўразьвязам склаў каля 8 мільярдаў даляраў. Да пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну пры падтрымцы ўладаў Беларусі Эўразьвяз заставаўся другім гандлёва-эканамічным партнэрам Беларусі. Паводле беларускага МЗС, таваразварот Беларусі і ЭЗ ў 2021 годзе складаў 16,3 млрд даляраў ЗША.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG