Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў, што палітвязьню Пачобуту прапаноўвалі выехаць у Польшчу


Анджэй Пачобут, архіўнае фота
Анджэй Пачобут, архіўнае фота

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Польшча нібыта адмовілася весьці размовы пра Анджэя Пачобута. Аднак вядома, што польскія кіраўнікі настойваюць на вызваленьні Анджэя Пачобута і называюць гэта адной з умоваў адкрыцьця памежных пераходаў паміж краінамі.

З заявай пра Анджэя Пачобута Аляксандар Лукашэнка выступіў падчас наведваньня Менскага гарадзкога тэхнапарку.

«Што датычыцца Пачобута, тут нават няма пра што размаўляць. Яны [Польшча] адмовіліся ад Пачобута. Польскі бок адмовіўся нават весьці размовы пра Пачобута. Наколькі мне паведамляюць, сам Пачобут таксама не жадае туды ехаць», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году, 8 лютага 2023-га яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўленьня волі. Тэрмін ён адбывае ў наваполацкай калёніі № 1, дзе на яго ўвесь час аказваецца ціск. Інфармацыі пра яго вельмі мала, але было вядома, што апошнім часам ён утрымліваўся ў ПКТ.

У жніўні 2024 года кіраўніца Саюзу палякаў Анжаліка Борыс, якая сустракалася з Пачобутам вясной таго ж году, у інтэрвію польскай газэце Rzeczpospolita зьняпраўдзіла сьцьвярджэньні аб тым, што палітвязень нібыта ня хоча пакідаць Беларусь.

«Гэта няпраўда. Я размаўляла з Анджэем дзьве з паловай гадзіны. Наша размова тычылася становішча Саюзу палякаў. І я, і Анджэй хочам, каб польскасьць тут захавалася, каб мы маглі выкладаць польскую мову. Я прасіла яго разгледзець магчымасьць выезду з краіны, калі будзе такая магчымасьць. Ён мне адказаў: калі ты лічыш, што гэта правільна, я гэта зраблю. Па маёй просьбе ён пагадзіўся пакінуць краіну. Жыцьцё майго калегі для мяне важнейшае за ўсё», — расказала тады Анжаліка Борыс.

Экс-міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі 2 жніўня 2024 году, абмяркоўваючы абмен зьняволенымі паміж краінамі Захаду, Расеяй і Беларусьсю, заявіў, што галоўнай умовай Менску на перамовах пра вызваленьне палітвязьня Анджэя Пачобута была выдача экс-чыноўніка, а цяпер аднаго зь лідэраў дэмакратычных сілаў Паўла Латушкі.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG