Улады Парыжа афіцыйна зацьвердзілі назву адной з вуліц сталіцы Францыі ў гонар расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, паведамляе «Новая газета» са спасылкай на мэрыю Парыжа.
«Навальны адзначаны парыскімі ўладамі за сваю ролю ў супрацьстаяньні дыктатуры Ўладзіміра Пуціна», — заявілі ў мэрыі.
Паводле зьвестак выданьня, ініцыятыву мэра Ан Ідальга парыскія дэпутаты аднагалосна падтрымалі 12 лютага. Агулам у муніцыпальнай радзе 163 дэпутаты.
Імем Навальнага вырашылі назваць няцотны бок Avenue de Pologne (у 16-й акрузе). Назва будзе гучаць як Avenue Alexeï Navalny. Гэта вуліца знаходзіцца за 400 мэтраў ад будынка амбасады Расеі ў Парыжы, зазначаецца ў паведамленьні. Дату ўрачыстай цырымоніі пакуль не аб’яўлялі. На гэта, як паведамілі выданьню, «сыдзе некалькі месяцаў».
16 лютага споўніцца роўна год з таго дня, як расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць Аляксея Навальнага ў калёніі «Палярны воўк» у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. У заключэньні аб ягонай сьмерці сказана, што палітык памёр ад натуральных прычын. Прыхільнікі Навальнага лічаць, што яго забілі. За час зьняволеньня Навальнага агулам больш чым на 300 дзён зьмяшчалі ў штрафны ізалятар.
Тым часам аўтабіяграфічная кніга загінулага апазыцыянэра стала ляўрэатам Вестмінстэрскай кніжнай прэміі (Westminster Book Awards) за 2024 год у намінацыі «Лепшая палітычная кніга, напісаная не парлямэнтаром». Пра гэта абʼявілі на цырымоніі, якая прайшла 12 лютага ў брытанскім парлямэнце, піша Deutsche Welle. Вестмінстэрская кніжная прэмія заснавана ў 2016 годзе брытанскімі Асацыяцыяй кнігагандляроў і Асацыяцыяй выдаўцоў. Гэта адзіная ў Вялікай Брытаніі прэмія ў галіне палітычнай публіцыстыкі, якую курыруюць кнігарні і якую прысуджаюць шляхам галасаваньня чальцоў парлямэнту.
Форум