Мэмуары Навальнага, які памёр у расейскай калёніі 16 лютага 2024 году, паступілі ў продаж у 36 краінах адразу на 26 мовах.
У ЗША аўтабіяграфію Навальнага выдае прэстыжнае выдавецтва Knopf, якое публікавала, сярод іншых, Джона Апдайка, Джэка Лондана, Габрыэля Гарсія Маркеса і Эдгара По. У выдавецтве раней расказалі, што кнігу палітык пісаў сам, а некаторыя яе часткі дыктаваў сваім паплечнікам. Большую частку мэмуараў ён напісаў у Нямеччыне, дзе лячыўся пасьля атручваньня «Навічком». Удава апазыцыянэра Юлія Навальная займалася дапрацоўкай кнігі.
На сайце каманды Навальнага гаворыцца, што мэмуары палітыка ахопліваюць усё ягонае жыцьцё, у тым ліку дзяцінства, сям’ю, першыя крокі ў палітыцы. Ён расказвае, як доўгія гады змагаўся супраць пуцінскага рэжыму і чаму, нягледзячы на ўсе рызыкі, вярнуўся ў Расею пасьля атручваньня, як уладкаваная расейская калёнія, а таксама апісвае жорсткія ўмовы ў папраўчых установах Расеі.
«Мне раней здавалася, што жыцьцё Аляксея настолькі навідавоку — апісана ў Вікіпэдыі, інтэрвію і ягоных пастах, — што яно ўжо здабытак грамадзкасьці. Нібы не жыцьцё, а ўзор жыцьця. Але ў гэтай кнізе ты раз-пораз натыкаесься на быццам бы дробязі, ад якіх у цябе раптам зямля ўцякае з-пад ног, — апісвае кнігу палітыка ягоная прэс-сакратарка Кіра Ярмыш. — А потым чытаеш нейкую звычайную гісторыю (пра хулігана па мянушцы Кран ці пра бальнічны яблык — вы хутка таксама іх прачытаеце), і гэтае ўсьведамленьне ўрываецца ў цябе без папярэджаньня».
12 кастрычніка ў СМІ былі апублікаваныя ўрыўкі зь біяграфіі Аляксея Навальнага. Аглядальнік The New York Times Дэвід Картава піша, што «ў „Патрыёце“ менш гаворыцца пра палітыку Навальнага, чым пра ягоную фундамэнтальную прыстойнасьць, вострае пачуцьцё гумару і, у асноўным, вясёлы стаіцызм ва ўмовах, якія б раздушылі менш годнага чалавека».
Пісьменьнік і журналіст Міхаіл Зыгар у рэцэнзіі для «Медузы» называе кнігу «новай расейскай вэрсіяй Эвангельля», «Эвангельлем ад Мэсіі», адзначаючы, што яна апісвае, як «аўтар сьвядома ідзе на сьмерць, па дарозе цярпліва тлумачачы, навошта гэта робіць, як да яе рыхтуецца, і як яе перамог».
Стартавы наклад друкаванай вэрсіі кнігі па-ангельску — 500 тысяч асобнікаў. Яе таксама можна набыць у інтэрнэт-крамах.
- Аляксей Навальны памёр у калёніі ў пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расеі сёлета 16 лютага. Паводле афіцыйнай вэрсіі, сьмерць палітыка наступіла з натуральных прычын. Паплечнікі Навальнага лічаць, што яго забілі на загад расейскіх уладаў.
- Расейскія ўлады ўнесьлі створаныя Навальным структуры ў сьпісы экстрэмісцкіх, яго паплечнікаў перасьледуюць. Паведамляецца, што ў шэрагу гарадоў улады рыхтаваліся да стыхійных акцыяў памяці 4 чэрвеня ў дзень народзінаў Навальнага.
Форум