Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Літвы заклікаў палітыкаў не палохаць грамадзтва магчымай агрэсіяй Расеі на тле перамоў з Украінай


Прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас. Архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас. Архіўнае фота

Раней палітыкі і ўлады Літвы неаднаразова выказваліся аб пагрозах агрэсіі Расеі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, для сваёй краіны.

Прэм’ер-міністар Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што Літва знаходзіцца ў найбольш бясьпечнай сытуацыі і ў бліжэйшыя гады не пацярпіць ад нападу, і заклікаў палітыкаў не палохаць грамадзтва імавернай агрэсіяй Расеі на тле мірных перамоў з Украінай.

«Мы знаходзімся ў найбольш бясьпечнай сытуацыі. У рэгіёне ніколі не было такіх аб’ёмаў інвэстыцый у абарону і настолькі моцнай палітычнай волі. [...] Палохаць грамадзтва ня трэба — у наступныя 6-12 месяцаў ніхто ня зможа на нас напасьці. Аднак пытаньні абароны варта ўспрымаць усур’ёз. У гэтым адыграюць важную ролю NATO і ЗША, вядуцца перамовы, Эўропе трэба зрабіць сваю „хатнюю работу“», сказаў Гінтаўтас Палуцкас 13 лютага ў эфіры Žinių radijas.

Выданьне LRT зьвярнула ўвагу на выказваньні прэм’ера аб тым, што Літва, як і іншыя краіны Эўропы, нарошчвае фінансаваньне абароны.

«Калі б мы пасьлядоўна і сыстэматычна займаліся гэтым цягам 10 гадоў, вынік быў бы лепшым. Цяпер мы вымушаны рабіць за больш за кароткі час, але мы вырашаем гэтыя пытаньні, нягледзячы на розныя думкі», — дадаў Гінтаўтас Палуцкас.

«Важна разумець, што гэтыя пытаньні вырашаюцца ня толькі ў нас, але і ў рэгіёне ў цэлым. Палохаць грамадзтва няма неабходнасьці, нават нягледзячы на тое, што ЗША глядзяць на Эўропу як на слабую і ня здольную прымаць патрэбныя рашэньні. Аднак мы рухаемся ўперад крок за крокам», — падкрэсьліў прэм’ер Літвы.

Колішні міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс мяркуе, што на Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі Ўкраіна не атрымае добрых навін.

«Ніякага сяброўства ў NATO, ніякіх узброеных сіл? Такое адчуваньне, што мы кідаем Украіну. Дэлегаты ляцяць у Мюнхэн не для перамоў, а каб перадаць Уладзіміру Зяленскаму кепскія навіны», — напісаў палітык на сваёй старонцы на плятформе Х.

12 лютага стала вядома аб тэлефонных размовах прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа спачатку з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, а потым з кіраўніком Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Гэтыя размовы большасьць экспэртаў назвалі пачаткам мірных перамоў аб спыненьні расейска-ўкраінскай вайны.

Раней палітыкі і ўлады Літвы неаднаразова выказваліся аб пагрозах агрэсіі Расеі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, для сваёй краіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG