Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што меў «доўгую і прадуктыўную» размову з Пуціным і «вельмі добра» пагутарыў зь Зяленскім

абноўлена

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 12 лютага заявіў, што меў «доўгую і вельмі прадуктыўную» тэлефонную размову з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным.

«Мы абмяркоўвалі Ўкраіну, Блізкі Усход, энэргетыку, штучны інтэлект, моц даляра і розныя іншыя тэмы», — напісаў Трамп у паведамленьні ў сацыяльнай сетцы Truth Social.

Паводле Трампа, яны з Пуціным «дамовіліся працаваць разам, вельмі шчыльна, у тым ліку наведваць краіны адзін аднаго». «Мы таксама дамовіліся, што нашы адпаведныя каманды неадкладна пачнуць перамовы, і мы пачнем з таго, што патэлефануем прэзыдэнту Ўкраіны Зяленскаму, каб паведаміць яму пра размову, што я і зраблю проста цяпер», — напісаў Трамп.

Паводле Трампа, яны з Пуціным абодва «пагадзіліся, што хочуць спыніць мільёны сьмерцяў» на вайне Расеі супраць Украіны. Трамп адзначыў, што папрасіў дзяржсакратара Марка Рубіё, дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа, дарадцу ў нацыянальнай бясьпецы Майкла Вальца і амбасадара і спэцыяльнага пасланьніка Стыва Віткафа ўзначаліць перамовы па мірным урэгуляваньні ва Ўкраіне, якія, на думку Трампа, «будуць пасьпяховымі».

Паводле Крамля, Пуцін сказаў Трампу, што Расея гатовая прыняць афіцыйных асобаў ЗША для перамоваў па Ўкраіне, а таксама запрасіў Трампа ў Маскву. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў сказаў, што размова Трампа з Пуціным працягвалася амаль паўтары гадзіны.

Прыкладна праз гадзіну Дональд Трамп таксама паведаміў, што толькі што паразмаўляў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

«Размова прайшла вельмі добра. Ён, як і прэзыдэнт Пуцін, хоча заключыць МІР. Мы абмеркавалі мноства тэмаў, зьвязаных з вайной, але ў асноўным сустрэчу, якая будзе арганізаваная ў пятніцу ў Мюнхэне, дзе віцэ-прэзыдэнт Дж. Д. Вэнс і дзяржаўны сакратар Марка Рубіё ўзначаляць дэлегацыю. Я спадзяюся, што вынікі гэтай сустрэчы будуць станоўчыя», — напісаў Трамп і дадаў, што «час спыніць гэтую недарэчную вайну».

Зяленскі пасьля размовы з Трампам паведаміў дэталі размовы.

«Пра магчымасьці дасягненьня міру. Пра нашу гатоўнасьць працаваць разам на ўзроўні каманды. Пра нашы тэхналягічныя магчымасьці, у тым ліку дроны і іншую сучасную вытворчасьць», — напісаў ён у тэлеграме.

Паводле Зяленскага, таксама абмяркоўвалі размову зь міністрам фінансаў ЗША Скотам Бэсантам і падрыхтоўку новага пагадненьня аб бясьпецы і эканамічным і рэсурсным супрацоўніцтве. Таксама Трамп распавёў яму падрабязьнасці размовы з Пуціным, а напрыканцы размовы яны «дамовіліся пра далейшыя кантакты і сустрэчы».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG