Лідэр сырыйскіх паўстанцаў Ахмэд аш-Шараа аб’яўлены новым прэзыдэнтам краіны на час дзеяньня «ўраду пераходнага пэрыяду», паведамляе «Аль-Арабія» і іншыя блізкаўсходнія СМІ.
Ахмэд Аш-Шараа, вядомы таксама як Махамад аль-Джуляні — кіраўнік пратурэцкай ісламісцкай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам», прызнанай тэрарыстычнай у ЗША, іншых краінах Захаду і Расеі. Гэтая групоўка ўзначаліла ўзброены мяцеж супраць дыктатуры Башара Асада ў канцы лістапада 2024 году. Урад Асада было зьвергнуты, сам ён уцёк у Маскву, і аш-Шараа стаў дэ-факта кіраўніком у Сырыі.
Пасьля ўцёкаў Асада аш-Шараа заявіў, што ўсе ваенізаваныя групоўкі, якія бралі ўдзел у зьвяржэньні Асада, павінны быць распушчаныя, а іх удзельнікі — заняць месца ў дзяржаўных структурах. Таксама распусьцілі ранейшае войска і службы бясьпекі. Канстытуцыю Сырыі 2012 году адмянілі. Новае заканадаўства павінен стварыць пераходны ўрад.
Аш-Шараа заявіў, што пасьля «пераходнага пэрыяду» пастаянны ўрад Сырыі павінны сфармаваць у выніку выбараў, але не ўдакладніў, як доўга можа працягнуцца «пераходны пэрыяд».
Спэцпрадстаўнік ААН па Сырыі Гейр Пэдэрсан у сьнежні 2024 году прыехаў зь візытам у Дамаск, дзе сустракаўся з новымі кіраўнікамі. Ён зрабіў аптымістычны прагноз: «Ёсьць надзея ўбачыць пачатак новай Сырыі».
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.
Форум