Прадстаўнікі новых уладаў Сырыі на першых з моманту падзеньня рэжыму Башара Асада перамовах з афіцыйнай дэлегацыяй Расеі ўзьнялі пытаньне аб «кампэнсацыях» і «выпраўленьні памылак мінулага». Пра гэта гаворыцца ва ўрадавым паведамленьні аб перамовах у Дамаску, якія цытуюць 29 студзеня сырыйскія СМІ і міжнародныя агенцтвы, у прыватнасьці Bloomberg.
Агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцу ў сырыйскіх кіроўных колах паведаміла, што дэ-факта кіраўнік Сырыі Ахмэд аш-Шараа на перамовах запатрабаваў у Масквы экстрадыцыі былога прэзыдэнта Башара Асада, які ўцёк з краіны ў сьнежні 2024 году і атрымаў прытулак у Расеі. Афіцыйна пра такое патрабаваньне не паведамлялі.
«Падчас дыялёгу была падкрэсьленая роля Расеі ў аднаўленьні даверу ў сырыйскага народу шляхам канкрэтных захадаў, такіх як кампэнсацыі, рэканструкцыя і аднаўленьне... Новы ўрад таксама падкрэсьліў, што пры аднаўленьні адносінаў неабходна аддаць увагу памылкам мінулага», — гаворыцца ў дакумэнце. Таксама ў ім згаданая неабходнасьць «справядлівасьці» для ахвяраў рэжыму зрынутага сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, якога падтрымлівала Расея. Падрабязнасьцяў не прыводзіцца, і не зразумела, ці маюцца на ўвазе фінансавыя кампэнсацыі, і калі так — у якім аб’ёме.
Расейскую дэлегацыю ўзначальваў намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Міхаіл Багданаў. У яе склад уваходзіў таксама спэцпрадстаўнік прэзыдэнта Расеі па Сырыі Аляксандар Лаўрэнцьеў. СМІ публікуе фота поціску рукі Багданава і аш-Шараа (вядомага таксама як Махамад аль-Джулані), лідэра групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам», якая адыграла вырашальную ролю ў зьвяржэньні Асада, а ў Расеі па-ранейшаму прызнаецца тэрарыстычнай.
Пасьля перамоваў Багданаў заявіў, што пытаньне аб будучыні расейскіх вайсковых базаў у Сырыі на сустрэчы 28 студзеня вырашанае не было, спатрэбяцца дадатковыя перамовы. Яго словы прыводзіць ТАСС. Намесьнік кіраўніка МЗС Расеі сказаў, што на цяперашні момант у статусе базаў у Тартусе і Хмэйміме няма ніякіх зьменаў.
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў назваў паездку расейскай дэлегацыі ў Сырыю важнай, сказаўшы, што Маскве неабходна «выбудоўваць і падтрымліваць дыялёг» з новай уладай у Дамаску. Паведамленьне аб патрабаваньнях кампэнсацый з боку сырыйскіх улад Пяскоў камэнтаваць адмовіўся.
Расея пасьля ўцёкаў Асада на пачатку сьнежня 2024 году прыкметна зьмяніла сваю рыторыку ў дачыненьні да сырыйскай апазыцыі, якая прыйшла да ўлады, не называючы больш яе прадстаўнікоў «тэрарыстамі».
Новыя ўлады Сырыі раней заявілі пра жаданьне захаваць адносіны з Расеяй, падкрэсьліваючы «гістарычныя сувязі і геапалітычныя інтарэсы». Ахмад аш-Шара ў размове з «Аль-Арабія» раней адзначыў, што Дамаск залежыць ад Масквы ў пытаньнях узбраеньня і энэргетыкі.
Разам з тым, паводле зьвестак Bloomberg, перамовы аб статусе расейскіх базаў у Сырыі зайшлі ў тупік. Спадарожнікавыя здымкі, якія прааналізавалі журналісты-дасьледчыкі Радыё Свабода, пацьвярджаюць вываз з порту Тартус расейскай вайсковай тэхнікі.
Як адзначае The New York Times, магчымае закрыцьцё вайсковых базаў можа стаць ударам па амбіцыях Расеі наконт захаваньня ўплыву на Блізкім Усходзе і ў Міжземным моры. Шэраг краін Эўразьвязу, уключаючы Нямеччыну, раней выказвалі новым уладам Дамаску пажаданьне дамагчыся закрыцьця расейскіх базаў.
Форум