Літва ўхваліла рашэньне аб забароне ўвозу і перамяшчэньня аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі з 18 ліпеня 2024 году. Згодна з гэтым рашэньнем аўтамабілі на беларускай рэгістрацыі павінны выехаць з тэрыторыі Літвы да 18 студзеня.
Літоўскія памежнікі ўдакладнілі, што на тэрыторыю Літву будуць дазваляць уяжджаць на беларускіх машынах тым грамадзянам Беларусі, якія маюць сапраўдную візу Літоўскай Рэспублікі або дзейны дазвол на часовае ці сталае пражываньне ў Літве і зьяўляюцца кіроўцамі такіх машын. Пры гэтым машына павінна прызначацца толькі для выкарыстаньня ў асабістых мэтах, а не для продажу.
Апроч таго, дазволілі ўяжджаць на тэрыторыю Літвы на легкавым аўтамабілі, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну краіны Эўразьвязу — рэзыдэнту Беларусі, які пры паездках у краіны ЭЗ кіруе гэтым транспартным сродкам.
Ва ўсіх іншых выпадках для праезду на тэрыторыю Літвы на машыне зь беларускімі нумарамі трэба будзе атрымаць дазвол Міністэрства эканомікі і інавацыяў Літвы.
У той жа час у камэнтары службы адзначаецца, што на тэрыторыі краіны машына на беларускіх нумарах можа перамяшчацца да 14 лютага — пасьля гэтага ўласьнік аўтамабіля павінен яе перарэгістраваць у Літве.
Пры парушэньні патрабаваньняў уласьнікаў аўтамабіляў зь беларускім нумарамі будуць штрафаваць, а транспартны сродак — канфіскоўваць.
Забарона не распаўсюджваецца на ўезд і знаходжаньне на тэрыторыі Эўразьвязу аўтамабіляў, якія зарэгістраваныя ў Беларусі і маюць дыпляматычныя нумары, калі такія транспартныя сродкі неабходныя для функцыянаваньня дыпляматычнага і консульскага прадстаўніцтва або міжнароднай арганізацыі, якія карыстаюцца імунітэтам у адпаведнасьці зь міжнародным правам або прызначаныя для асабістага карыстаньня супрацоўнікаў дыпляматычных прадстаўніцтваў і іхных бліжэйшых сямейнікаў.
У пераліку выключэньняў — таксама аўтамабілі зь беларускім нумарамі, якія перавозяць целы памерлых.
Аналягічную забарону ўвялі Латвія і Эстонія.
Форум