З 18 ліпеня Літва ўсьлед за Латвіяй забараніла ўезд на сваю тэрыторыю машын зь беларускімі нумарамі. Пакуль існуе выключэньне. Заехаць на тэрыторыю Літвы на ўласным аўта зь беларускімі нумарамі можна, калі чалавек мае візу ці дазвол на жыхарства, а аўтамабіль толькі для ўласнага карыстаньня, а не для продажу. Гэтае правіла перастане дзейнічаць 16 жніўня.
Прынятая забарона ня тычыцца машын на дыпляматычных нумарах, транспартных сродкаў дыпляматычных прадстаўніцтваў, а таксама міжнародных арганізацый, якія маюць імунітэт згодна зь міжнародным правам.
Тым, хто мае машыну на беларускіх нумарах у Літве, трэба яе перарэгістраваць на літоўскія нумары ці вывезьці. На гэта адводзіцца 6 месяцаў. З 18 студзеня 2025 году знаходжаньне ў Літве машыны на беларускіх нумарах будзе лічыцца парушэньнем закону. Для многіх беларусаў навіна стала нечаканасьцю.
«Думаю прадаваць машыну»
Павал (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) жыве ў Літве некалькі гадоў. Пакуль ён не мяняў нумары, часам езьдзіў у Беларусь на сваёй машыне.
«Гэта капец. Яны спрабуюць змагацца з рэжымам, а выходзіць усё наадварот. Прадстаўнікі рэжыму з дыпляматычнымі нумарамі спакойна могуць езьдзіць, а звычайныя людзі не. Гэтыя людзі якраз супраць рэжыму, раз яны жывуць у Літве, а меры накіравалі супраць іх», — кажа суразмоўца.
Пакуль ён думае, што рабіць з машынай, і схіляецца да варыянту проста прадаць яе.
«Ня ведаю, ці ёсьць сэнс перарэгістраваць. Бо калі я на ёй буду заяжджаць у Беларусь, то мне трэба будзе пакідаць заклад. Таму для мяне гэта не варыянт», — гаворыць суразмоўца.
Сапраўды, калі беларус з замежнымі нумарамі заяжджае ў Беларусь, то мусіць пакінуць заклад за машыну, згодна з правіламі Мытнага зьвязу. Напрыклад, калі цана аўтамабіля не перавышае 8500 эўра, то трэба будзе пакінуць 54% ад яе, але ня менш за 2,5 эўра за кожны кубічны сантымэтар рабочага аб’ёму рухавіка.
Калі цана машыны перавышае 16 700 эўра, але не перавышае 42 300 эўра, то 48% ад цаны, але ня менш за 5,5 эўра за 1 кубічны сантымэтар рабочага аб’ёму рухавіка.
Пасьля, па выезьдзе, заклад можна вярнуць.
Яшчэ адзін суразмоўца Свабоды расказвае, што ня можа езьдзіць у Беларусь, але ён зьбіраўся прадаць аўтамабіль у Беларусі па даверанасьці. Зрабіць такое не атрымалася, бо даверанасьці за мяжой перасталі рабіць.
«Вырашыў, што проста буду езьдзіць. А цяпер новыя зьмены, трэба будзе мяняць нумары, нешта плаціць. І гэта не дапамагае цалкам, бо ты застаесься на ўліку ў Беларусі, ня можаш прадаць яе за мяжой. Гэта такое „напалову выйсьце“», — гаворыць кіроўца.
Што трэба, каб перарэгістраваць нумары ў Літве
Суразмоўца Свабоды Алег (імя зьмененае на ягоную просьбу зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) яшчэ да забароны на беларускія нумары пачаў працэс перарэгістрацыі. Так таньней выходзіць аўтамабільная страхоўка.
«Машына мусіць прайсьці сьпярша экспэртызу, якая каштуе ў межах 100 эўра. Гэта нескладана і хутка. Пасьля трэба прасьці тэхагляд. Пасьля экспэртызы, тэхагляду, з дакумэнтамі і страхоўкай трэба запісацца ў „Рэгітру“ (орган, які рэгіструе машыну. — РС). У мяне чарга была недзе месяц. Гэта каштуе каля паўтысячы эўра. Разам з экспэртызай разам усё будзе каштаваць каля 600», — апісвае працэдуру кіроўца.
Ёсьць філіялы «Рэгітры», дзе жывая чарга. Там усю працэдуру можна зрабіць хутчэй. Такім чынам, перарэгістрацыя будзе каштаваць у раёне 500-600 эўра і можа заняць каля месяца. Але гэта без уліку чэргаў, якія могуць зьявіцца ў сувязі з новымі правіламі для беларусаў.
Форум