Гаворачы аб культурнай блізкасьці Беларусі і Літвы, міністар унутраных спраў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч удакладніў сваю пазыцыю і запэўніў, што меў на ўвазе не суседнюю дзяржаву на чале зь менскім рэжымам, а беларускі народ.
«Я меў на ўвазе народ, бо мяне пыталіся пра беларусаў, дакладна не пра краіну — краіна знаходзіцца пад кантролем дыктатара Лукашэнкі і ніякіх апраўданьняў быць ня можа», — заявіў Кандратовіч парталу навін 15min.lt.
Як запэўнівае міністар, у інтэрвію каналу «Настоящее время» ён гаварыў аб гістарычным кантэксьце краін, агульнай гісторыі Літвы і Беларусі.
«Насамрэч тая агульная гісторыя, гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай, паказала, што мы можам быць разам зь беларускім народам. Мы разам некалі перажылі прыгнёт расейскага цара і чырвонай імпэрыі. Сёньня на мерапрыемствах 13 студзеня я пачуў добрае назіраньне, фразу аб тым, што гісторыя трох паўстаньняў надала нам сілы і духу ў 1990–1991 гадах, калі мы пайшлі бараніць сваю незалежнасьць. Што да паўстанняў, то ў іх таксама прынялі ўдзел людзі, якія жывуць у Беларусі. Шкада, што ім не ўдалося запаліць полымя свабоды, як гэта ўдалося Літве, але я думаю, што гэта атрымаецца», — сказаў ён парталу навінаў.
Аднак міністар унутраных справаў прызнаў, што такая ідэя «дружбы народаў» можа быць выкарыстаная прапагандысцкімі каналамі, якія падтрымліваюць рэжым.
«Але так, мы не павінны забываць, што там цяпер кіруе Аляксандар Лукашэнка, які ўзурпаваў усю дзяржаву, і наша бясьпека не дазваляе нам сёньня рабіць нешта іншае, чым тое, што мы робім: мы павінны ўлічваць любыя пагрозы, якія зыходзяць адтуль» — адзначыў Кандратовіч.
У апублікаваным на выходных інтэрвію міністру ўнутраных спраў задалі пытаньне аб абмежаваньні міграцыі зь Беларусі. Гаворачы аб гэтым, палітык таксама адзначыў, што Беларусь у культурных адносінах зьяўляецца найбольш блізкай да Літвы краінай.
«Тут толькі магу пацьвердзіць, што культурна самая блізкая краіна для Літвы — гэта, вядома ж, Беларусь. Агульная гісторыя, агульная культура, агульны першы статут. І, скажам, роднасныя сувязі зь Беларусьсю, скажам, вельмі вялікія, бо шмат грамадзян Літвы маюць сваякоў у Беларусі. Так ужо гістарычна склалася, гісторыя такая, шматвяковая, што гэта проста інакш не магло быць. Таму тут пра блізкасьць і мэнталітэт. Але сытуацыя такая, якая ёсьць», — сказаў міністар.
Форум