Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС Літвы назваў беларусаў культурна самымі блізкімі да літоўцаў. Прэм’ер краіны пракамэнтаваў

абноўлена

Гінтаўтас Палуцкас
Гінтаўтас Палуцкас

Прэм’ер-міністар Літвы сацыял-дэмакрат Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што ў сёньняшнім кантэксьце камэнтары міністра ўнутраных спраў Уладзіслава Кандратовіча аб блізкасьці беларусаў да літоўцаў гучаць дзіўна. Пра гэта інфармуе LRT.

«У сёньняшнім кантэксьце гэта гучыць даволі дзіўна, паколькі рэжым Лукашэнкі, безумоўна, варожы Літве... Аднак калі паглядзець на гісторыю многіх дзесяцігодзьдзяў, адкуль у Літву ішла дадатковая іміграцыя, як гэтыя дыяспары адаптаваліся ў Літве, то насамрэч гэта Ўкраіна, Беларусь, і нас гэта не павінна моцна зьдзіўляць, — заявіў прэм’ер-міністар журналістам у Сейме.

Гэтак Палуцкас адрэагаваў на заявы Ўладзіслава Кандратовіча, якія трансьляваліся на расейскамоўным тэлеканале «Настоящее время». Гэты канал — тэлевізійны праект Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і «Голасу Амэрыкі».

Адной зь першых тэмаў стала эканамічная міграцыя зь Беларусі. На пытаньне пра сваё стаўленьне да закліку абмежаваць эканамічную міграцыю з гэтай краіны міністар адказаў, што Літва і Беларусь зьвязаныя доўгай супольнай гісторыяй і цеснымі культурнымі сувязямі.

«Магу пацьвердзіць, што культурна самая блізкая краіна для Літвы — гэта, вядома, Беларусь. Агульная гісторыя, агульная культура, агульны Статут [Вялікага Княства Літоўскага]».

Таксама Кандратовіч сказаў, што роднасныя сувязі Літвы «зь Беларусьсю вельмі моцныя, у многіх грамадзян Літвы ёсьць сваякі ў Беларусі, так ужо склалася гістарычна. Гэта гісторыя, якая налічвае шмат стагодзьдзяў, таму інакш і быць ня можа».

У інтэрвію «Настоящему времени» Кандратовіч таксама выказаўся пра частыя паездкі некаторых грамадзян Расеі і Беларусі, якія жывуць у Літве, на радзіму і адзначыў, што трэба ўлічваць і магчымыя рызыкі для бясьпекі дзяржавы. Па яго словах, галоўны прыярытэт — «стабільнасьць краіны». Толькі пасьля аналізу ўсіх фактараў спэцслужбам можна прымаць далейшыя рашэньні:

«Ёсьць выпадкі, калі асобы з гуманітарнымі візамі часта наведваюць радзіму. Службы, якія лічаць гэта вялікай рызыкай, маюць падставы так думаць».

  • Цяпер дзейны дазвол на жыхарства ў Літве маюць амаль 58 тысяч грамадзян Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG