«Вяртайцеся дадому, беларускія сьвіньні», — такі надпіс ранкам 29 ліпеня пабачыў на фасадзе сваёй віленскай крамы беларускіх тавараў былы палітвязень, а цяпер прадпрымальнік Зьміцер Фурманаў. Краму Зьміцер адкрыў за некалькі месяцаў да гэтага разам з жонкай Вольгай, зь якой пабраўся шлюбам ужо пасьля вызваленьня з-за кратаў і пераезду ў Вільню. Свой бізнэс сужэнцы назвалі «Кропка», у разьмешчанай у цэнтры старой Вільні краме можна купіць вопратку і посуд зь беларускай сымболікай, вырабы беларускіх майстроў, сувэніры і кнігі.
Акрамя надпісу на сьцяне, невядомы зламысьнік разьбіў камянямі шыбы ў краме. Паліцыя пачала расьсьледаваньне ў той жа дзень, апублікавалі здымкі невядомага чалавека, які мог быць злачынцам. Справу завялі паводле артыкулу за вандалізм, але Фурманавым паведамілі, што яна можа быць перакваліфікаваная ў «распальваньне варожасьці», калі падчас сьледзтва ўсплывуць новыя падрабязнасьці.
«Хутчэй за ўсё, лукашысты»
«Усё ціха, ніхто нам нічога не пісаў, — расказаў у размове са Свабодай Зьміцер Фурманаў праз паўгода пасьля падзей. — Мы, у прынцыпе, таксама не зьвярталіся. Няма ніякай інфармацыі. Падпісалі сумесны зварот суполак 3-4 дні таму. І больш нічога не было. Выпадкаў вандалізму ці нейкіх новых пашкоджаньняў таксама не было. Пакуль усё добра».
Зьміцер дадае, што ня мае вялікага энтузіязму наконт вынікаў расьсьледаваньня. На яго думку, за разьбітымі вокнамі «Кропкі» і абразьлівымі надпісамі стаяць беларускія ўлады, а не літоўцы. А паліцыя калі каго і знойдзе, то гэта будзе толькі выканаўца, а не замоўнік.
«Мне ўвогуле ня вельмі цікава, ці паліцыя знойдзе выканаўцу. Думаю, што замоўцы гэта хутчэй за ўсё лукашысты, — перакананы Фурманаў. — Таму калі і знойдуць некага, то гэта можа быць чалавек, якому вельмі былі патрэбныя грошы і ён знайшоў сабе падпрацоўку ў тэлеграм-каналах. Нешта такое. Магчыма, ад яго штосьці яшчэ даведаюцца. Дзе і якім спосабам яго знайшлі, як на яго выйшлі. Калі штосьці зь яго атрымаецца выцягнуць, то тады добра. Але ў цэлым я ня ведаю, ці будзе гэтае расьсьледаваньне карысным».
Суразмоўца расказвае пра хвалю салідарнасьці, якую яны з Вольгай адчулі ў першыя дні і тыдні пасьля здарэньня. У тым ліку ад літоўцаў.
«Як толькі пра напад людзі даведаліся, мясцовыя жыхары і бізнэсоўцы, яны падыходзілі, выказвалі падтрымку, — узгадвае Зьміцер. — Казалі, што гэта правакацыя і яны на нашым баку. Каб мы не пужаліся, што ўсё будзе добра. Падарункі прыносілі, кавай частавалі, крыху сабралі грошай. У гэтым пляне ўсё вельмі добра».
Зараз «Кропка» працуе ў звычайным рэжыме. Пабітыя шыбы замянілі, сьцены пафарбавалі. Камяні, якімі зламысьнік пабіў у краме вокны, Фурманавы пакінулі сабе на памяць. Зьміцер падпірае імі сьвяточную ялінку, якую выставіў ля ўваходу ў «Кропку». Па словах беларусаў, куды больш за ход расьсьледаваньня іх зараз цікавяць наступныя месяцы працы.
«Зараз не такі вялікі прыбытак, як хацелася б. Нетурыстычны сэзон, на нашай вуліцы будоўля пачалася вялікая, — наракае Зьміцер. — Таму нават тыя турысты, якія маглі б зайсьці, яны таксама ня вельмі заходзяць. Гэты месяц і наступны, люты, будуць даволі цяжкімі. У нашай сфэры гэта заўсёды так. Нам галоўнае дажыць да сакавіка і красавіка».
Восем выпадкаў за пяць месяцаў
Напад на «Кропку» ў канцы ліпеня быў першы з сэрыі атак на беларускія асяродкі і мясьціны Вільні. У жніўні на сьцяне будынку Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, за некалькі дзясяткаў мэтраў ад крамы Фурманавых, хтосьці напісаў заклік да Сьвятланы Ціханоўскай з прапановай ехаць назад у Беларусь. У верасьні ксэнафобскі надпіс у адрас беларусаў зьявіўся ля сядзібы арганізацыі «Дапамога», якой кіруе Натальля Калегава. Тады ж з пнэўматычнай зброі абстралялі вокны будынку, дзе знаходзіцца беларускі прыход праваслаўных вернікаў Канстантынопальскага патрыярхату. Пабілі вокны ў Цэнтры беларускай супольнасьці (Беларускім доме) на Віленскай вуліцы.
У кастрычніку Беларускі дом у Вільні атакавалі зноў, на будынку пакінулі зьняважлівыя для беларусаў надпісы, пашкодзілі вокны, падпалілі драўляныя дзьверы. Вялікага пажару не адбылося, полымя не змагло разгарэцца. Паўторны напад на беларускі асяродак у цэнтры Вільні, на папулярнай пешаходнай вуліцы, выклікаў асаблівы рэзананс, у тым ліку сярод прадстаўнікоў літоўскіх уладаў.
«Прыходзілі чыноўнікі, выказвалі падтрымку, — расказвае дырэктарка ўстановы Людвіка Кардзіс. — Дырэктар Дэпартамэнту нацыянальных меншасьцяў з супрацоўнікамі быў, выказвалі спачуваньні зь Міністэрства замежных спраў Літвы, зь іншых дзяржаўных структур. З мэрыі прыяжджалі. Яны робяць, што могуць, са свайго боку. Усталявалі дадатковыя камэры ў двары ў нас. Асьвятленьне зрабілі, абяцалі бясьпеку для нас. Літоўскія ўлады і проста ў прыватных размовах выказваюць падтрымку і спачуваньні. Суседзі нашыя літоўскія таксама выказвалі знакі салідарнасьці».
Пра ход расьсьледаваньня Людвіка ведае мала. Трымае сувязь з паліцыяй, але навінаў пакуль не было. Яна кажа, што з моманту адкрыцьця ў 2021 годзе атакі ў верасьні і кастрычніку былі адзінымі непрыемнасьцямі такога кшталту. Зараз установа працуе ў звычайным рэжыме, наведнікаў у Беларускім доме менш ня стала.
«Мы ў кантакце са сьледчай, але пакуль ніякіх навінаў няма. У нас тут іншыя праблемы цяпер, — расказвае суразмоўца. — Нам трэба рамантаваць пашкоджанае, шукаць сродкі на рамонт. Таму мы тут кожны сваім займаецца. Трэба замяніць шыбы, выдаткі на гэта страхавая кампанія, на жаль, толькі часткова кампэнсавала. Графіці трэба было замаляваць. Лічым грошы зараз. Каля 2 тысяч на гэта, папярэдне, трэба. То бачыце, справаў хапае. На замену вокнаў 500 эўра пайшло. Зьбіраем данатамі ад наведнікаў. Усяго каля 2500 трэба».
Неўзабаве пасьля кастрычніцкага інцыдэнту віленскія ўлады ўсталявалі ў двары Беларускага дома дадатковыя камэры, зрабілі новае асьвятленьне.
Дасудовае сьледзтва
Празь месяц пасьля падпалу дзьвярэй Беларускага дому невядомыя размалявалі абразьлівымі надпісамі фасад карчмы «1863». У тым жа кастрычніку хтосьці раскідаў кветкі, зьнічы і фатаздымкі на магіле беларускага добраахвотніка Аляксандра Царука, які памёр ад хваробы неўзабаве пасьля пераезду ў Літву. Дачка Царука Вольга Галамеева падала заяву ў паліцыю.
Са сьнежня 2024 году хваля актаў вандалізму супраць беларускіх асяродкаў Вільні, якая цягнулася пяць месяцаў запар, спынілася. Як паведамілі Свабодзе ў паліцыі Літвы, расьсьледаваньнем усіх гэтых выпадкаў займаецца Ўпраўленьне крымінальнага вышуку Вільні. На гэты момант справы аб вандалізьме ў беларускіх мясьцінах знаходзяцца на стадыі дасудовага расьсьледаваньня. Яго матэрыялы, згодна зь літоўскім заканадаўствам, ня могуць быць апублікаваныя. Пра ход дасудовага сьледзтва інфармуюць толькі абвінавачаных і пацярпелых, якія маюць дачыненьне да справы.
«У мяне склалася ўражаньне, што ў паліцыі не былі зацікаўленыя расьсьледаваць гэта, — гаворыць у размове са Свабодай дачка памерлага беларускага добраахвотніка Аляксандра Царука Вольга. — Не адкрыта так, але яны далі зразумець. Маўляў, вы ж самі разумееце, што гэта такая гіблая справа, якой ніхто ня будзе займацца».
У паліцыю Вольга зьвярнулася на пачатку лістапада. Пра тое, што магіла бацькі на віленскіх Карвялішках не ў парадку, ёй расказалі яго сябры.
«Прыехала другога лістапада туды, — успамінае Вольга. — На магіле партрэт быў перакулены. Пабіты крыху, скол на шкле быў. Зьнічкі перакуленыя. Мы на магіле заўсёды бчб-сцяжок ставілі на драўляным дрэўцы. Яго нехта адарваў, і сам сьцяжок мы так і не знайшлі. Іншыя магілы побач былі ў парадку, не было такога, каб усё было разварочанае. Гэта ўсё дакладна не ад нейкай непагадзі».
Інфармацыі аб ходзе расьсьледаваньня ад літоўскіх праваахоўнікаў Вольга ня мае, пасьля першага візыту ў паліцыю зь ёй так ніхто больш і не зьвязаўся. Фатаздымкаў з разбурэньнямі на магіле бацькі там не ўзялі.
«Сказалі, што са мной зьвяжацца сьледчы, якому перададуць справу, чакайце, — гаворыць Вольга. — Дагэтуль ніхто не зьвязаўся, фота мае не ўзялі... Думаю, усе разумеюць, што вінаватых ня знойдзеш. Але гэта не першая правакацыя супраць беларусаў. Я лічу, што па сукупнасьці ўсіх спраў на гэта трэба зьвярнуць увагу. Але чаму гэтага не адбываецца, не магу сказаць. Я лічу, што гэта ня проста так. Паліцыя павінна знайсьці вінаватых».
На магілу бацькі Вольга пасьля здарэньня стараецца езьдзіць не радзей, чым раз на месяц. Гаворыць, што новых актаў вандалізму пакуль не было.
Форум