Яе абвінавачваюць па артыкуле крымінальнага кодэксу Грузіі аб гвалце над паліцыянтам. Міністэрства ўнутраных справаў сьцьвярджае, што Амаглабелі ўдарыла кіраўніка батумскай паліцыі, калі той спрабаваў затрымаць удзельнікаў акцыі пратэсту каля гарадзкога аддзяленьня МУС.
За дзьве гадзіны да гэтага інцыдэнту Амаглабелі была ўпершыню затрымана за тое, што спрабавала наклеіць стыкер з надпісам «мы страйкуем» на будынак аддзяленьня. Тады ёй вылучылі абвінавачаньне па адміністрацыйным артыкуле аб супраціве паліцыі і дробным хуліганстве і адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, пасьля чаго Амаглабелі вярнулася на акцыю пратэсту.
Агулам на гэтай акцыі паліцыя затрымала па адміністрацыйным кодэксе дзесяць актывістаў недзяржаўных арганізацый і апазыцыйных партый. Неўзабаве чатырох зь іх вызвалілі да суду, шасьцёра ўсё яшчэ знаходзяцца ў паліцыі.
Падчас сустрэчы з прадстаўніком амбудсмэна Мзія Амаглабелі сказала, што выпадкова ўдарыла паліцыянта, калі спрабавала вызваліць руку падчас спробы затрымаць яе другі раз.
У Батумі, таксама як і ў сталіцы Грузіі Тбілісі і іншых грузінскіх гарадах, ужо некалькі месяцаў праходзяць масавыя акцыі пратэсту з патрабаваньнем прызначыць у краіне новыя парлямэнцкія выбары і аднавіць працэс уступленьня краіны ў ЭЗ. Апазыцыйныя сілы краіны перакананыя, што парлямэнцкія выбары 26 кастрычніка былі «татальна сфальсыфікаваныя», улады гэта адмаўляюць.
Пасьля 28 лістапада, калі прэм’ер-міністар Грузіі Іраклій Кабахідзэ заявіў пра часовае прыпыненьне перамоваў з ЭЗ, акцыі пратэсту на праспэкце Руставэлі ў Тбілісі, каля будынка парлямэнту, некалькі разоў перарасьлі ў жорсткія сутыкненьні з паліцыяй. Каля трыццаці чалавек арыштаваны па абвінавачаньні ў «групавым гвалце». Іх судовыя працэсы пачнуцца ў сярэдзіне сакавіка. Ніводны з падсьледных не прызнае віны.
Форум