Саламэ Зурабішвілі, сярод іншага, заявіла, што мае намер адправіцца на інаўгурацыю абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Больш за тое, яна плянуе правесьці ў Злучаных Штатах сустрэчы на высокім узроўні, паведаміла «Эхо Кавказа».
Зурабішвілі таксама заявіла, што працягвае кантакты і з эўрапейскімі партнэрамі, і запэўніла, што яны не прызнаюць парлямэнт, урад і прэзыдэнта «Грузінскай мары».
Яна таксама абвінаваціла «Грузінскую мару» ва ўхіленьні ад санкцый, уведзеных Захадам супраць Расеі:
«Сёньня наша эканоміка збольшага знаходзіцца ў стане застою. Праўда, некаторыя даходы ўсё ж ёсьць, у першую чаргу за кошт абыходу санкцый, якія апошнім часам сталі значна больш жорсткімі, і адна з крыніц фінансавых даходаў — дарагія аўтамабілі, якія экспартуюцца з Грузіі нібыта ў Сярэднюю Азію, а насамрэч у Расею. Цана вывазу аўтамабіля з Грузіі вельмі высокая. Што яшчэ знаходзіцца ў гэтых аўтамабілях, невядома. Гэта сур'ёзная праблема і, верагодна, адна з крыніц, за кошт якіх кіруючая партыя сёньня ўсё яшчэ захоўвае нейкі прыбытак».
29 сьнежня ў будынку парлямэнту Грузіі прайшла цырымонія інаўгурацыі на пасаду прэзыдэнта былога футбаліста і дэпутата Міхаіла Кавелашвілі, абранага калегіяй выбаршчыкаў 14 сьнежня. Ён прынёс прысягу ў якасьці шостага кіраўніка дзяржавы.
Пятая прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі, апазыцыя і значная частка міжнародных партнэраў краіны не прызнаюць абраньня Кавелашвілі.
Сярод прысутных на інаўгурацыі Кавелашвілі былі заснавальнік і ганаровы старшыня кіруючай партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі, які трапіў пад фінансавыя санкцыі ЗША. Акрэдытаваных у Грузіі дыпляматаў на інаўгурацыю не запрасілі — прычынай назвалі «недахоп месцаў у залі».
28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з ЭЗ і адмове ад грантаў Эўразьвязу да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году. Рашэньне ўладаў выклікала масавыя пратэсты перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі. Дэманстранты спрабавалі ўзьвесьці барыкады, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжывала вадамёты і сьлезацечны газ.
Пасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, на якіх кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала 54% галасоў, апазыцыя і заходнія ўрады заявілі, што галасаваньне было азмрочанае парушэньнямі і расейскім уплывам.
Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і застанецца на сваёй пасадзе да абраньня новага парлямэнту. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначылі на 14 сьнежня.
4 сьнежня стала вядома аб ператрусах у офісах апазыцыйных партый і затрыманьні іх лідэраў.