У Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі з 2020 да канца 2024 году па міжнародную абарону і палітычны прытулак зьвярнуліся 74 грамадзяніны Беларусі, адмовы атрымалі 36 чалавек. Улады Грузіі не выдаюць неграмадзянам «пашпарты замежніка» ці іншыя дакумэнты, як гэта практыкуюць многія краіны Эўразьвязу.
«Мала разумеюць альбо ня хочуць унікаць»
Праваабаронца Раман Кісьляк кажа, што вялікая колькасьць беларусаў зараз зьяжджае з Грузіі, частка назірае за палітычнымі працэсамі. І калі сытуацыя будзе пагаршацца, то таксама вырашыць зьяжджаць.
Адмовы ў гуманітарным статусе, статусе ўцекача пачаліся ў беларусаў Грузіі зь лета 2024 году. Пасьля адмоваў Дэпартамэнту міграцыі МУС людзі падаюць скаргі ў суд. І таксама атрымліваюць адмовы.
«Зараз судовыя рашэньні дасылаюць максымальна кароткія. Бальшыні беларусаў пішуць, што яны не адпавядаюць крытэрам Канвэнцыі аб статусе ўцекача ААН
Маўляў, не абгрунтавалі, не даказалі, што ім небясьпечна вяртацца ў Беларусь. А некаторым — мне, Марыне Зялёнай — адказалі, што мы нібыта і адпавядаем крытэрам, але „паводле крытэраў нацыянальнай бясьпекі наша знаходжаньне на тэрыторыі Грузіі немэтазгодна“. Нам складана зразумець, якія ў іх абгрунтаваньні, саміх рашэньняў мы ня бачылі, ня ведаем, па якіх пунктах, зь якіх прычынаў адмаўляюць», — кажа спадар Кісьляк.
На яго думку, грузінскія ўлады мала разумеюць альбо ня хочуць унікаць, што адбываецца ў Беларусі. Інфармацыю пра адмовы праваабаронцы перадаюць міжнародным праваабарончым структурам. Спэцдакладчыку ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілсу Муйжніексу паведамляюць, што не было ніводнага станоўчага рашэньня ў дачыненьні да беларусаў.
«Мы ўспрымаем адмовы як адну з формаў дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце. У Дэпартамэнт міграцыі МУС было пададзена 74 заявы, 36 чалавек ужо атрымалі адмовы, бальшыня зь іх падавалі скаргі. Астатнія справы яшчэ ў стадыі разгляду», — канстатуе Раман Кісьляк.
«Хтосьці зьяжджае, хтосьці „заціхарыўся“»
У траўні 2024 году парлямэнт Грузіі прыняў рэпрэсіўны закон аб «замежных агентах». Паводле закону арганізацыі, якія атрымліваюць больш за 20% штогадовага фінансаваньня з крыніц за межамі Грузіі, павінны зарэгістравацца як «арганізацыі, якія перасьледуюць інтарэсы замежнай дзяржавы», і патрабаваньні да справаздачнасьці будуць драконаўскія.
Раман Кісьляк сьцьвярджае, што закон аб замежных агентах непасрэдна закране і беларусаў.
«Там хітра ўсё прапісана. Іншаземныя сілы — гэта фізычныя асобы „неграмадзяне Грузіі“. То бок фармальна мы падыходзім пад „замежную сілу“. Арганізацыі, якія фінансуюцца замежнікамі больш за пазначаныя 20%, падпадаюць пад дзеяньне гэтага закону. Такім чынам, усе дыяспаральныя арганізацыі, якія фінансуюцца ня толькі з-за мяжы, а і самімі беларусамі, падпадаюць пад гэтыя неправамерныя, на думку праваабаронцаў, абмежаваньні.
Таму хтосьці зьяжджае, хтосьці „заціхарыўся“ і чакае, чым гэта ўсё скончыцца, — стратэгіі розныя», — расказвае Раман Кісьляк.
Закрыўся «Мэдыяхаб», закрываецца «Кропка»
Закрываюцца грамадзкія арганізацыі і ініцыятывы. Так, у Батумі закрыўся беларускі «Мэдыяхаб», які заснавалі журналісты Алесь Залеўскі і Антон Сурапін. Беларускі «аКсяродак» у Батумі пакуль працуе. Літаральна праз 10 дзён закрываецца беларуская прастора «Кропка» ў Тбілісі.
Адна з заснавальнікаў «Кропкі», якая назвалася Марыяй (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС), расказала, што прастора для беларускай грамадзянскай супольнасьці была створана ў студзені 2022 году.
«Спачатку мы яе задумалі як каворкінг для актывістаў і журналістаў. Але здарылася 24 лютага 2022 году, і шмат беларусаў прыехала ў Сакартвэла. Таму „Кропка“ ператварылася з больш закрытага грамадзкага праекту ў вялікую беларускую прастору. Напэўна, самую вядомую і папулярную пляцоўку ў Тбілісі. І амаль адзіную цалкам некамэрцыйную, з рознымі івэнтамі, якія ладзіліся самімі людзьмі, якія сюды прыехалі», — кажа Марыя.
21 сьнежня ў «Кропцы» адбылася разьвітальная імпрэза, 22-га — апошні майстар-кляс «Калядная зорка». 10 студзеня 2024 году прастора зачыніцца. На такі крок заснавальнікі пайшлі з цэлага шэрагу прычын. У беларусаў узьнікаюць складанасьці з дакумэнтамі, людзі вымушаны зьяжджаць. Узьніклі праблемы зь фінансаваньнем. «Кропка» працавала як некамэрцыйны праект. Для заснавальнікаў гэта было прынцыпова, бо большасьць людзей, якія прыяжджаюць у Грузію, былі не падрыхтаваныя да эміграцыі, апынуліся тут вымушана, і рабіць камэрцыйнай прастору для сваіх заснавальнікі «Кропкі» не хацелі, засяроджвае ўвагу Марыя.
«Мы існавалі за кошт міжнародных грантаў, якія нам удавалася знайсьці, крыху за данаты, але яны не былі асноўнай крыніцай. Калі праект толькі пачынаецца, на яго лягчэй знайсьці фінансаваньне, а калі праект працуе даўжэй, ён ужо менш падтрымліваецца донарамі міжнароднымі. Донары прапануюць шукаць іншыя крыніцы ўстойлівасьці. А ў Тбілісі гэта даволі складана, тут апынуліся ня тыя людзі, якія гатовыя на сталай аснове падтрымліваць прастору. Магчыма, нам трэба было рабіць іншую бізнэс-мадэль (рэстарацыю, здаваць памяшканьне ў арэнду). Але наша каманда не гатовая была рабіць камэрцыйную прастору», — разважае Марыя.
Калі актывісты зразумелі, што няма фінансаваньня на наступны год, частка каманды зьяжджае з прычыны праблем з дакумэнтамі, а іншыя не бяруць на сябе адказнасьць працягваць дамову з памяшканьнем, вырашылі згарнуць дзейнасьць. Але прычына — ня людзі, а ўмовы, у якіх апынуліся беларусы, мяркуе Марыя.
«Мы зладзілі нэтворкінгавую сустрэчу з барамі, іншымі каворкінгамі, бізнэсамі, у якіх ёсьць памяшканьні і якія гатовыя праводзіць у сябе беларускія імпрэзы. І дамовіліся, што ўсе беларускія івэнты могуць працягвацца на іншых пляцоўках», — запэўнівае адна з заснавальнікаў беларускай прасторы «Кропка» ў Тбілісі.
Форум