Але амэрыканская выведка ўнесла ўклад у інфармаваньне Ізраіля аб месцазнаходжаньні лідэраў ХАМАС — баявой групоўкі, якая прызнана Злучанымі Штатамі тэрарыстычнай арганізацыяй, піша «Голас Амэрыкі».
«Гэта была ізраільская апэрацыя. Узброеныя Сілы ЗША непасрэдна ня ўдзельнічалі», — заявіў генэрал-маёр ВПС Патрык Райдэр, афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону.
«Злучаныя Штаты дапамаглі ў перадачы інфармацыі і выведдадзеных, якія тычацца вызваленьня закладнікаў і адсочваньня лідэраў ХАМАС, якія нясуць адказнасьць за ўтрыманьне закладнікаў. І, вядома, гэта ўвогуле робіць унёсак у разуменьне сытуацыі», — заявіў Райдэр.
«Але, паўтаруся, гэта была ізраільская апэрацыя. Я б рэкамэндаваў вам зьвярнуцца да іх па падрабязнасьці аб тым, як прайшла апэрацыя», — дадаў прадстаўнік Пэнтагону.
Яго камэнтар прагучаў пасьля заявы прэзыдэнта Джо Байдэна пра гібель Сінвара. Прэзыдэнт сказаў, што пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 г. ён загадаў амэрыканскім сілам спэцрэагаваньня і выведслужбам дапамагчы Ізраілю ў пошуку Сінвара і іншых лідэраў баевікоў.
Канфлікт, які працягваецца на Блізкім Усходзе, стаў палітычнай праблемай для адміністрацыі Байдэна напярэдадні выбараў у ЗША 5 лістапада. Камала Гарыс сутыкнулася з моцным ціскам з боку араба-амэрыканскіх, мусульманскіх і лібэральных выбарнікаў за падтрымку адміністрацыяй Байдэна паставак зброі і аказаньня дыпляматычнай дапамогі Ізраілю на фоне канфліктаў у Газе і Лібане.
Атака ХАМАС летась забрала жыцьці 1200 чалавек у Ізраілі і завяршылася захопам больш як 250 закладнікаў, па дадзеных ізраільскіх уладаў.
Ізраільская атака на сэктар Газа, якім кіруе ХАМАС, прывяла да гібелі больш як 42 тысяч чалавек, паводле зьвестак мясцовага Міністэрства аховы здароўя, кантраляванага баевікамі. У Лібане, дзе, як заяўляюць у Ізраілі, ЦАХАЛ атакуе баевікоў «Хэзбалы», якія падтрымліваюцца Іранам, колькасць загінулых перавысіла 2000 чалавек, паводле зьвестак лібанскага ўраду.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Мэт’ю Мілер заявіў, што Вашынгтон зараз «падвоіць» свае намаганьні і паспрабуе прасунуць прапанову аб замірэньні і вызваленьні закладнікаў.
Дзяржсакратар Энтані Блінкен ужо абмеркаваў зь міністрамі замежных спраў Катара і Саудаўскай Арабіі пытаньне аб спыненьні вайны і пасьляваенным уладкаваньні Газы, паведаміў Мілер.
«Мы бачым магчымасць, якую хочам выкарыстаць, каб паспрабаваць дамагчыся вызваленьня закладнікаў, — заявіў дарадца Белага дома ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван. — Нам трэба будзе працаваць над тым, каб яго сьмерць сапраўды нанесла ХАМАС той доўгатэрміновы ўдар, якога ўсе мы хочам дабіцца».
Вайна Ізраілю з ХАМАСам і «Хэзбалой». Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум