Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзьверы заварылі мэталічнай плянкай». ВВС — пра арышты ў Беларусі кватэр палітычных эмігрантаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Зь вясны 2024 года беларускія ўлады выкарыстоўваюць новы спосаб атакі на тых, хто пакінуў краіну па палітычных матывах — праз нерухомасьць, якая ім належыць.

Эмігранты ня могуць прыехаць дадому зь меркаваньняў бясьпекі, а любыя зьдзелкі з жыльлём з 2023 года па беларускім законе можна ажыцьцяўляць толькі ўнутры краіны. Як вынік, кватэры арыштоўваюць і прадаюць, з іх высяляюць кватарантаў і апячатваюць.

Пра гэта шмат паведамлялі мэдыя, у тым ліку і Радыё Свабода, аднак ВВС паведамляе некалькі дадатковых аспэктаў гэтай палітыкі.

Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце.

Накладзены арышт. Уваход забаронены

Сьвятлана (яна просіць не ўказваць сваё поўнае імя, баючыся за сваю бясьпеку), урач зь Беларусі, зараз жыве ў Польшчы. Гэтым летам яна некалькі тыдняў шукала чалавека, які адважыўся б схадзіць у пад’езд яе дома, зрабіць і даслаць ёй фота — яе знаёмыя, якія засталіся ў Менску, баяліся нават гэтага. Адзін чалавек усё ж знайшоўся. На фатаграфіі відаць, што дзьверы кватэры Сьвятланы ў Менску заварылі мэталічнай плянкай — зараз адчыніць яе немагчыма. На дзьвярах павесілі аб’яву — на маёмасьць накладзены арышт.

Сьвятлана доўга жыла ў Расеі. Езьдзіла ў Менск на адну з самых вялікіх акцый супраць Аляксандра Лукашэнкі 16 жніўня 2020 году, у наступныя гады праводзіла пікеты ля будынка амбасады Беларусі ў РФ. У 2022 годзе Святлана і яе сям’я зьехалі ў Польшчу, там яна працягнула выходзіць на акцыі беларускай апазыцыі.

Сьвятлана здавала кватэру свайму знаёмаму за сымбалічную, гаворыць яна, плату. Кватарант аплочваў камунальныя паслугі і пераводзіў невялікую суму яе маці.

Яго выселілі сілавікі і нават далі час на тое, каб сабраць рэчы. «Гэта ўжо рэдкасьць, проста пашанцавала, — камэнтуе Сьвятлана. — Мне вядомыя выпадкі, калі дзьверы заварвалі наўпрост з рэчамі і дакумэнтамі тых, хто там жыў». Даведацца ў кватаранта нейкія дадатковыя падрабязнасьці немагчыма — ён даў сілавікам падпіску аб неразгалошваньні.

Прадам кватэру. Ляяльны

У эмігрантаў няма спосабаў абараніць сваю нерухомасьць, якая засталася ў Беларусі. Юрыст Міхаіл Кірылюк расказвае, што яму вядомыя выпадкі, калі людзі на свой страх і рызыку езьдзілі на радзіму праз Расею — так больш шанцаў, што пры праходжаньні памежнага кантролю іх імя не будзе ў сьпісах прасьледаваных. Пры гэтым жытло яны прадавалі ў тэрміновым рэжыме — гэта значыць, як правіла, са зьніжкай.

Кірылюк кажа, што калі такія зьдзелкі прызнаюць несапраўднымі, то пацерпяць ня столькі эмігранты, колькі пакупнікі жытла, якія застаюцца ў Беларусі і, прынамсі публічна, ня супраць Лукашэнкі.

Людзі, якія эмігравалі думаюць, што калі яны атрымалі пашпарты іншых краін, гэта можа абараніць іх ад перасьледу. Але гэта ня так. Сакратар асацыяцыі беларусаў у аўстралійскім Пэрце Арцём Лядоўскі сказаў ВВС, што ўлады краіны прамым тэкстам папрасілі людзей з двума грамадзянствамі не наведваць Беларусь — ужыць дыпляматыю ў выпадку іх арышту будзе амаль немагчыма.

«У нас там бацькі, маёмасьць, нехта здае яе ў арэнду, нехта атрымлівае спадчыну. І для таго, каб правесьці звычайную зьдзелку, трэба яшчэ і паказаць сваю ляяльнасьць. Трызьненне нейкае», — кажа Лядоўскі.

Ён расказвае, што на традыцыйнай сустрэчы эмігрантаў высьветлілася, што аднаму з чальцоў супольнасьці трэба з’езьдзіць у Беларусь для зьдзелкі з нерухомасьцю. Гэта стала галоўнай тэмай сустрэчы. «А ты свае сацсеткі чытаў, а раптам лейтэнант ужо даўно скрыншоты зрабіў?» — казалі яму эмігранты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG