У Сьледчым камітэце Расеі паведамілі аб затрыманьні начальніка аўтабранятанкавай службы Цэнтральнай вайсковай акругі, генэрал-маёра Дзяніса Пуцілава.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, яго падазраюць у злачынстве паводле ч. 6 артыкулу 290 Крымінальнага кодэксу Расеі (атрыманьне хабару ў вялікім памеры).
Паводле сьледзтва, у 2023 годзе Міністэрства абароны Расеі падпісала шэраг кантрактаў на рамонт і тэхнічнае абслугоўваньне вайсковай аўтамабільнай тэхнікі з індывідуальным прадпрымальнікам Чудзінавым.
«Выкананьне кантрактаў, вартасьць якіх перавышала 140 мільёнаў рублёў, кантраляваў Пуцілаў. У мэтах аслабленьня кантролю, атрыманьня іншых прывілей і прэфэрэнцый пры выкананьні дзяржаўнага абароннага заказу, а таксама падпісаньня ў далейшым новых кантрактаў Пуцілаў атрымаў хабар ад прадстаўніка ІП Чудзінава ў памеры 10 мільёнаў рублёў», — паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.
Цяпер суд вырашае пытаньне аб папярэдняй меры стрыманьня затрыманага.
З красавіка 2024 году ў Расеі затрымалі сама меней сем вайсковых начальнікаў: колішняга намесьніка міністра абароны Расеі Цімура Іванова, начальніка галоўнага ўпраўленьня кадраў Мінабароны Юрыя Кузьняцова, колішняга камандуючага 58-й арміяй генэрал-маёра Івана Папова і начальніка галоўнага ўпраўленьня сувязі Мінабароны Вадзіма Шамарына. Юрыя Кузьняцова і Вадзіма Шамарына абвінавацілі ў атрыманьні хабару, Івана Папова — у махлярстве. На два месяцы арыштавалі і колішняга гендырэктара Вайскова-будаўнічай кампаніі Мінабароны Андрэя Бялкова, які апошнім часам служыў дарадцам гендырэктара адной з структур вайсковага ведамства.
У жніўні затрымалі Дзьмітрыя Булгакава, які ў 2008–2022 гадаў займаў пасаду намесьніка міністра абароны Расеі, і намесьніка міністра абароны Расеі ў 2021–2024 гадах Паўла Папова.
Пазьней суд вызваліў з-пад варты некалькіх затрыманых генэралаў, якія пайшлі на супрацоўніцтва зь сьледзтвам.
Форум