Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў аб гатоўнасьці пашырыць пералік спэцыяльнасьцяў, у якіх адукацыю будуць атрымліваць кітайскія вайскоўцы.
«Падпісаны ў чэрвені чарговы кантракт на навучаньне кітайскіх вайскоўцаў у Вайсковай акадэміі Беларусі стаў праявай даверу і высокай ацэнкай сыстэмы вайсковай адукацыі Беларусі. Мы са свайго боку гатовы расшыраць пералік спэцыяльнасьцяў пад канкрэтныя запыты нашых кітайскіх сяброў», — працытавала Віктара Хрэніна прэсавая служба Мінабароны Беларусі.
Віктар Хрэнін знаходзіцца ў Кітаі з працоўным візытам і ўжо правёў сустрэчу са сваім калегам, міністра абароны КНР Дун Цзюнам.
Апроч таго, міністар абароны Беларусі паведаміў аб пачатку супольнага ўзаемадзеяньня краіны ў галіне міратворчай дзейнасьці. «У часе нядаўняга візыту беларускай дэлегацыі ў КНР вызначаны практычныя мерапрыемствы ў мэтах разьвіцьця супрацы ў інтарэсах супольнага выкананьня задач у адной зь міратворчых місій ААН», — дадаў Віктар Хрэнін.
У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што ў часе сустрэчы міністры абмеркавалі «стан і пэрспэктывы двухбаковай вайсковай супрацы, а таксама актуальныя пытаньні рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня».
Чаму гэта важна
У часе сёмай сустрэчы высокага ўзроўню ў межах дыялёгу «ЗША — Эўразьвяз» 9-10 верасьня бакі выказалі ўзаемную заклапочанасьць кітайскай падтрымкай вайны Расеі супраць Украіны і прызналі, што сталая падтрымка Кітаем расейскай вайскова-прамысловай базы «дазваляе Расеі весьці незаконную вайну супраць Украіны».
Апроч таго бакі падкрэсьлілі, што любая мірная ініцыятыва датычна Ўкраіны павінна грунтавацца на Статуце ААН і яго прынцыпах, уключна з павагай да сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці.
Форум