Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча вырашыла падоўжыць дзеяньне буфэрнай зоны на мяжы зь Беларусьсю на 90 дзён


На польска-беларускай мяжы, архіўнае ілюстрацыйнае фота
На польска-беларускай мяжы, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Буферная зона на мяжы зь Беларусьсю працягне дзейнічаць з 11 верасьня на працягу наступных 90 дзён.

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі 5 верасьня паведаміў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк, піша выданьне Onet.

«Буфэрная зона на мяжы зь Беларусьсю будзе дзейнічаць з 11 верасьня на працягу наступных 90 дзён. Яна прынесла добрыя вынікі, мы ня хочам мяняць адлегласьці. У першую чаргу яна накіраваная супраць кантрабандыстаў. Мы таксама нядаўна прыклалі намаганьні па ўмацаваньні агароджы (на польска-беларускай мяжы — рэд.), працы там вядуцца ўжо некалькі дзён», — заявіў міністар.

  • Польскі ўрад вырашыў стварыць буфэрную зону на некаторых участках польска-беларускай мяжы пасьля забойства нелегалам польскага жаўнера. Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю і памёр 6 чэрвеня. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку.
  • Буфэрная зона на мяжы пачала дзейнічаць з 13 чэрвеня, яна была створаная на 90 дзён. Даўжыня буфэрнай зоны складае 60,67 км, шырыня — ад 200 м да 2 км. На працягу 44 км буфэрная зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. Заезд у буфэрную зону забаронены.
  • Паводле польскіх уладаў, стварэньне буфэрнай зоны было накіраванае на гарантаваньне бясьпекі як староньніх, так і супрацоўнікаў паліцыі, памежнікаў і вайскоўцаў, а таксама на абмежаваньне дзейнасьці груп кантрабандыстаў, якія спрыяюць незаконнай міграцыі.
  • Абмежаваньні на перамяшчэньне і знаходжаньне ўнутры буфэрнай зоны ўведзеныя ў 27 населеных пунктах Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў Падляскага ваяводзтва, якое мяжуе зь Беларусьсю.
  • Днямі Томаш Семоняк заявіў, што пошнім часам сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю застаецца больш спакойнай, чым у пачатку году. Паводле яго, гэта наступствы розных захадаў і абставінаў, але, сярод іншага, дапамагло і ўвядзеньне буфэрнай зоны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG