Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі ўхвалілі ў першым чытаньні закон аб забароне руху аўтамабіляў зь беларускай рэгістрацыяй


Латыская мяжа, архіўнае фота
Латыская мяжа, архіўнае фота

Вострыя дыскусіі з гэтай нагоды ідуць некалькі месяцаў.

Парлямэнт Латвіі на пасяджэнні 5 верасьня падтрымаў у першым чытаньні папраўкі да закону «Аб дарожным руху», згодна зь якімі з 1 лістапада ўводзіцца забарона на знаходжаньне ў краіне транспартных сродкаў зь беларускай рэгістрацыяй.

Паводле інфармацыі парталу Delfi.lv, законапраекту «прысвоена тэрміновасьць», гэта значыць, што ён пройдзе ня тры, а два чытаньні.

Камісія латыскай Саэймы Латвіі ў экалёгіі і сацыяльнай палітыцы раней падтрымала папраўкі ў закон «Аб дарожным руху», у якім гаворыцца, што, каб забясьпечыць выкананьне санкцый Эўразьвязу, транспартны сродак, зарэгістраваны ў Беларусі, павінен быць вывезены з краіны або зарэгістраваны ў Латвіі.

Аўтары зьменаў у закон заяўляюць, што з улікам сытуацыі ў Беларусі і яе датычнасьці да агрэсіі Расеі супраць Украіны новыя абмежавальныя захады Рады Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі набылі моц яшчэ 1 ліпеня. У тым ліку яны не прапускаюць у ЭЗ праз латыска-беларускія і латыска-расейскія памежныя пункты транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў Беларусі (легкавыя аўтамабілі).

Законапраект прадугледжвае, што зарэгістраваныя ў Беларусі транспартныя сродкі, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі Латвіі, павінны быць вывезеныя або зарэгістраваныя для ўдзелу ў дарожным руху ў Латвіі да 31 кастрычніка. Калі гэтага не адбудзецца, машыну могуць сканфіскаваць.

Пасьля гэтага тэрміну транспартныя сродкі зь Беларусі змогуць уяжджаць у Латвію толькі для аднаразовага перасячэньня тэрыторыі краіны транзытам. Папярэдне трэба падаць заяўку ў электронныя службы Дэпартамэнту бясьпекі дарожнага руху, удакладняе Delfi.

Заяжджаць на тэрыторыю Латвіі змогуць аўтамабілі дыпляматычных і консульскіх службаў, пасольстваў і дэлегацый, а таксама ў гуманітарных мэтах. Такое выключэньне зроблена для асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі мабільнасьці, якія кіруюць уласнымі адмыслова абсталяванымі транспартнымі сродкамі, зарэгістраванымі ў Беларусі, калі яны жадаюць уехаць з мэтай наведаць бацькоў, дзяцей або мужа (жонку), якія пражываюць у Латвіі. У такім выпадку адпаведная асоба зможа запытаць дазволу ў Службы фінансавай выведкі (FID).

Дазвол на ўезд і знаходжаньне на тэрыторыі Латвіі можа быць выдадзены на тэрмін да 3 месяцаў. Таксама служба будзе выдаваць дазвол на ўезд у тых выпадках, калі міністар замежных спраў запатрабуе разгледзець заяву на ўезд у Латвію ў асаблівых пытаньнях, зьвязаных з нацыянальнай бясьпекай.

Падобныя абмежаваньні цяпер дзейнічаюць у дачыненьні Расеі. Калі іх прыме Саэйма, яны пачнуць дзейнічаць у дачыненьні Беларусі. 2 лістапада 2023 году латыскі парлямэнт ужо разглядаў магчымасьць зраўняць абмежаваньні да беларускіх аўтамабіляў з патрабаваньнямі да расейскіх, але тады дэпутаты прагаласавалі супраць.

Улетку сёлета было заяўлена пра новыя абмежаваньні і іх далейшы разгляд. Свае абмежавальныя захады ўвялі таксама Літва і Эстонія.

Пазьней міністарка юстыцыі Латвіі Інэсэ Лібіня-Эгнэрэ заявіла, што будзе працягваць пошукі мэханізмаў для абмежаваньня руху па дарогах Латвіі машын зь беларускай рэгістрацыяй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG