Менск выдасьць Анкары грамадзяніна Турэччыны, абвінавачанага ў забойстве, вынікае з паведамленьня Генпракуратуры Беларусі.
Замежніка экстрадуюць на просьбу Міністэрства юстыцыі Турэччыны ў рамках міждзяржаўнай дамовы аб прававой дапамозе па грамадзянскіх, гаспадарчых і крымінальных справах.
Як паведамілі ў Генпракуратуры, спасылаючыся на матэрыялы крымінальнай справы, якую расьсьледуюць у Турэччыне, абвінавачаны «падчас канфлікту ўдарыў галавой у твар першага пацярпелага, пасьля чаго стрэліў зь пісталета ня менш за 8 разоў у другога». Ад атрыманых агнястрэльных раненьняў той памёр на месцы. Потым абвінавачаны «зрабіў адзін стрэл у нагу трэцяга пацярпелага, які спрабаваў забраць зброю, чым прычыніў яму менш цяжкае цялеснае пашкоджаньне».
- 16 ліпеня намесьнік начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрполу ў Беларусі Леанід Рахленка паведаміў, што на падставе рашэньня Генпракуратуры ў Турэччыну экстрадавалі двух грамадзян гэтай дзяржавы — мужчын 40 і 43 гадоў.
- Аднаго зь іх, паводле чыноўніка, абвясьцілі ў міжнародны вышук за «ўдзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі». У Беларусі яго затрымалі і асудзілі за спробу «перасячэньня мяжы з падробленымі дакумэнтамі». Другі мужчына адбываў у Беларусі пакараньне — 17 гадоў пазбаўленьня волі — за забойства грамадзянкі Банглядэш, зьдзейсьненае ў 2018 годзе ў Віцебску.
Форум