Асуджаны на сьмяротную кару нямецкі грамадзянін Рыка Крыгер (Rico Krieger) напісаў на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні.
Як паведаміў зьвязаны з прэсавай службай Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого», сёньня адбылася нарада з гэтай нагоды, на якую запрасілі «людзей, пагружаных у працэс, пачуць падрабязнасьці, меркаваньні, «параіцца».
Неўзабаве паабяцалі падрабязнасьці гэтай нарады.
Як можна меркаваць па фатаздымках, на нарадзе прысутнічаюць старшыня КДБ Іван Тэртэль, адвакат нямецкага грамадзяніна Ўладзімер Горбач, прапагандыстка Людміла Гладкая, якая нядаўна апублікавала падрабязнасьці працэсу над грамадзянінам Нямеччыны.
«Найбольш непрыемнае пытаньне [...], якое атрымала вельмі сур’ёзнае гучаньне. Рыка Крыгер — грамадзянін Нямеччыны. Выяўляецца, толькі ў 1993 годзе нарадзіўся. Суд асудзіў у Беларусі да выключнай меры пакараньня. Паводле нашай Канстытуцыі і законаў, апошняе слова заўсёды за прэзыдэнтам. Зьвяртаецца, не зьвяртаецца [за памілаваньнем]... Я ўжо неяк казаў, што самае цяжкае ў лёсе прэзыдэнта — гэта падобныя справы, зьвязаныя з выключнай мерай пакараньня. Але рашэньне трэба ўхвальваць. Я хачу проста з вамі ў гэтым пляне, можа, і параіцца. Але пачуць вашу думку. Вы — людзі, непасрэдна датычныя да разгляду гэтай справы», — працытавалі Аляксандра Лукашэнку на ягоным сайце.
Пасьля нарады адвакат нямецкага грамадзяніна Ўладзімер Горбач заявіў, што разьлічвае на «акт гуманізму».
«Аляксандар Рыгоравіч сказаў, што будзе думаць і ўхваліць рашэньне», – сказаў ён.
Справа Рыка Крыгера ў Беларусі
Сьмяротны прысуд Рыка Крыгеру вынесьлі 24 чэрвеня, вядома пра гэта стала амаль празь месяц. Суд прызнаў яго вінаватым паводле шасьці цяжкіх артыкулаў КК РБ, у тым ліку ў акце тэрарызму.
25 ліпеня дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» паказаў перадачу пад назвай «Споведзь нямецкага тэрарыста», удзельнікам якой стаў Крыгер. Ён расказаў пра сваё жаданьне «спатрэбіцца» Ўкраіне, пра тое, як пачаў адпраўляць заяўкі ва ўкраінскія добраахвотніцкія фармаваньні, а затым на загад «куратара» вылецеў у Менск, а там даставіў заплечнік на станцыю Азярышча, дзе пазьней адбыўся выбух, у выніку якога ніхто не пацярпеў.
Форум