Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі кожнае пятае дзіця мае праблемы зь лішняй вагой


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі кожнае пятае дзіця мае праблемы зь лішняй вагой, паведаміў намесьнік старшыні Прэзыдыюма НАН Беларусі, доктар біялягічных навук, прафэсар Аляксандар Кільчэўскі падчас круглага стала, прысьвечанага дзіцячаму атлусьценьню, піша БелТА.

«Праблема дзіцячага атлусьценьня вельмі сур’ёзная і мае глябальны характар. Паводле статыстыкі, на атлусьценьне пакутуюць каля 40 мільёнаў дзяцей у сьвеце. І ў нас практычна кожнае пятае дзіця таксама мае гэтыя праблемы», — сказаў Аляксандар Кільчэўскі.

Паводле яго, у далейшым гэта выліваецца ва ўскладненьні: цукровы дыябэт, сардэчна-сасудзістыя праблемы, анкалёгію.

«Галоўная прычына — зьмяненьне ладу жыцьця. Цяпер дзеці шмат сядзяць у гаджэтах і адыходзяць у віртуальны сьвет, ім не хапае фізычнай нагрузкі. Разам з гэтым яны па-ранейшаму любяць салодкую ежу», — дадаў Кільчэўскі.

Паводле прафэсара, змагацца з гэтай праблемай трэба з дапамогай прафіляктыкі атлусьценьня, кантролю рацыёну дзіцяці і вядзеньня актыўнага ладу жыцьця.

Агулам паводле ранейшых зьвестак навуковага дасьледаваньня, апублікаванага ў часопісе The Lancet, Беларусь у рэйтынгу краінаў сьвету па атлусьценьні грамадзян апынулася на 101-ым з 200 месцаў з паказчыкам у 20,13% насельніцтва сярод мужчын і на 118-ым месцы — сярод жанчын (23,70%).

У цяперашні час атлусьценьне уяўляе сабой большую пагрозу для здароўя людзей ва ўсім сьвеце, чым голад, адзначала выданьне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG