Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы масавы суд у Беларусі: восем чалавек будуць судзіць за ўдзел у пратэстах 2020 году


Сілавікі падчас акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 году ў Берасьці
Сілавікі падчас акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 году ў Берасьці

У судзе Ленінскага раёну Берасьця 30 ліпеня распачнецца суд адразу над 8 мясцовымі жыхарамі. Усіх іх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі за ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту 10 жніўня 2020 году, даведаліся праваабаронцы «Вясны».

Справу будзе разглядаць судзьдзя Дзьмітры Шурын.

На лаве падсудных — Іван Амрэйчык, Васіль Ніпарка, Аляксей Самайлюк, Анатоль Закурка, Ігар Сарокін, Сяргей Дземідзюк, Мікіта Яхімовіч і Валянціна Жукоўская.

Мікіту Яхімовіча і Валянціну Жукоўскую цяпер утрымліваюць пад вартай у СІЗА-7, іх затрымалі напрыканцы сакавіка 2024 году. Жукоўскую раней ужо асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі» па «карагоднай справе».

Ігара Сарокіна затрымалі на мяжы ў лютым, калі ён вяртаўся з Польшчы, дзе працаваў электрыкам.

За вясну 2024 году за пратэсты ў Берасьці 10 жніўня 2020 году асудзілі ўжо больш за 20 чалавек, адзначаюць праваабаронцы. За тую акцыю пратэсту актыўна судзілі ў 2021 годзе і ўсім прысуджалі калёнію.

На Берасьцейшчыне дасюль працягваюцца масавыя суды за ўдзел у акцыях пратэсту. Так, за ўдзел у пратэстах 2020 году сёлета вынесьлі прысуды ўжо 25 жыхарам Баранавічаў. 27 чэрвеня стала вядома, што ў судзе Баранавіцкага раёну прызначаная справа, у якой 8 чалавек абвінавачваюць у грубым парушэньні грамадзкага парадку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG