Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заклікалі не дапусьціць пакараньня сьмерцю Рыка Крыгера


Рык Крыгер
Рык Крыгер

Не дапусьціць пакараньня сьмерцю грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, асуджанага да гэтай меры ў Беларусі, заклікалі Менск Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) і праваабарончы цэнтар «Вясна» ў сумеснай заяве.

«Вясна», якая шмат гадоў вядзе адмысловую кампанію «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», адзначае, што гэта першы вядомы выпадак, калі замежнага грамадзяніна асудзілі на сьмерць у Беларусі як мінімум з 2009 году.

FIDH і «Вясна» заклікалі ўлады «неадкладна спыніць пакараньне Рыка Крыгера, незалежна ад абвінавачаньняў, і цалкам выконваць міжнародныя абавязаньні краіны ў галіне правоў чалавека, уключаючы права на жыцьцё, права на свабоду ад катаваньняў і жорсткага абыходжаньня, а таксама права на судовую абарону і справядлівы судовы разбор».

Праваабаронцы таксама выступаюць супраць сьмяротнага пакараньня за ўсе злачынствы і пры любых абставінах.

«Арганізацыі нагадваюць, што пакараньне сьмерцю па сутнасьці зьяўляецца катаваньнямі і жорсткім, бесчалавечным і прыніжальным для годнасьці пакараньнем і заклікаюць беларускія ўлады ўвесьці мараторый і працягнуць работу ў скасаваньні пакараньня сьмерцю», — сказана ў заяве.

Грамадзянін Нямеччыны прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеяньні ў адносінах агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), ч. 4 арт. 309 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»), ч. 3 арт. 3611 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»), ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»), арт. 3581 («Агентурная дзейнасьць») і арт. 133 («Наёмніцтва») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Прадстаўнік МЗС Нямеччыны Крыстыян Вагнэр на прэс-канфэрэнцыі ў Бэрліне 22 ліпеня заявіў, што Бэрлін «абараняе інтарэсы асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера перад беларускімі ўладамі».

Паводле публікацыі ў дзяржаўнай прапагандзе, у Беларусь Крыгер прыехаў турыстам 2 кастрычніка 2023 году з тэлефонамі і бесьпілётнікам. Ад СБУ ён нібыта атрымаў заданьне правесьці ў Асіповічах выведку і сфатаграфаваць вайсковыя аб’екты. 4 кастрычніка Крыгер сфатаграфаваў тэрыторыю в/ч 97115 і вайсковую тэхніку. На наступны дзень — участак чыгуначных шляхоў, вагоны, пагрузачна-разгрузачную плятформу побач са станцыяй Азярышча.

Пасьля гэтага ён нібыта атрымаў каардынаты і фота тайніка з самаробнай выбуховай прыладай, а таксама інструкцыю, як усталяваць яе на чыгунцы. Схованку Крыгер знайшоў у лесапасадцы ў Першамайскім раёне Менску, пад апорай ЛЭП. Перавёз выбухоўку і ўстанавіў яе на чыгуначнай каляіне станцыі. Пасьля гэтага адправіўся ў гатэль.

Выбух адбыўся 5 кастрычніка, у 23:22. Паводле інфармацыі аднаго са сьведкаў, 6 кастрычніка на каляіне, дзе заклалі выбухоўку, павінна была грузіцца вайсковая тэхніка.

Прапагандысцкія СМІ пішуць, што Крыгера затрымалі 6 кастрычніка. У гэты дзень ён плянаваў ляцець у Баку. На судзе прызнаў сябе вінаватым толькі ў агентурнай дзейнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG