Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гаворыць прапаганда пра немца Крыгера, асуджанага на расстрэл


Рыка Крыгер
Рыка Крыгер

Беларускі суд прыгаварыў грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера да расстрэлу. Прапагандыстка Людміла Гладкая расказала пра тое, што агучвалася падчас працэсу.

Пра гэта піша партал «Люстэрка».

Паводле Гладкай, Крыгер заехаў у Беларусь як турыст.

«Не пазьней за 20 верасьня 2023 году кіраўнікі арганізаванай групы ўцягнулі ў яе склад грамадзяніна Нямеччыны Крыгера Рыка, як непасрэднага выканаўцу злачынстваў у Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку тэракту пад іх кіраўніцтвам», — гэтыя словы, паводле зьвестак Гладкай, былі агучаныя ў судзе.

Прапагандыстка напісала, што Крыгер нібыта адправіў запыты са сваімі дадзенымі на ўкраінскія сайты, у тым ліку і ў падразьдзяленьне палку Каліноўскага «Вэстэрн».

Гладкая напісала, што з палку нібыта адказалі і зьвялі яго з супрацоўнікам Службы бясьпекі Ўкраіны па імені Мікалай, а ўжо яму 20 верасьня Рыка Крыгер пацьвердзіў гатовасьць працаваць на ўкраінскія спэцслужбы. Як адзначае Гладкая, каб «учыняць тэракты ў складзе злачыннай групы супраць нацыянальнай бясьпекі Беларусі».

Як заявіў праваабарончы цэнтар «Вясна», справа вайсковага лекара Крыгера тычыцца палку Каліноўскага (ягонага структурнага падразьдзяленьня — замежнага мэханізаванага батальёну Western). У камэнтары «Люстэрку» прадстаўнікі палку сказалі, што Рыка Крыгер ніякага дачыненьня да іх ня мае.

Паводле Гладкай, у Беларусь Крыгер заехаў турыстам 2 кастрычніка 2023-га з тэлефонамі і бесьпілётнікам. Нібыта ад СБУ ён атрымаў заданьне правесьці ў Асіповічах выведку і фатаграфаваньне аб’ектаў па каардынатах. Прапагандыстка паведаміла, што з 13 кастрычніка 2023 году замежнік знаходзіцца пад вартай. «Судзімасьці, кажа, няма. Расейскай ня ведае, таму ў судзе быў перакладчык. Консульскі доступ забясьпечаны», — расказала Гладкая.

Прысуд Крыгеру, паводле яе слоў, быў абвешчаны месяц таму. Яна напісала, што мужчына казаў у судзе, што «празь відэасувязь мне патэлефанаваў рекрутэр, вярбоўшчык», і «мне сказалі, што з маімі здольнасьцямі я буду вельмі патрэбны Ўкраіне». Таксама прывяла такое выказваньне: «Мне супрацоўнік СБУ паведаміў, што мяне запросяць у Кіеў, бо мяне хочуць узнагародзіць і асабіста са мной сустрэцца».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што Крыгера абараняў адвакат Уладзімер Горбач. Што характэрна, ён не спэцыялізуецца на крымінальных справах.

Як паведамляецца на сайце калегіі адвакатаў, з 2013 году Горбач «аказвае прававую дапамогу пераважна субʼектам гаспадараньня Рэспублікі Беларусь у гаспадарчым працэсе». Але пры гэтым адзначаецца, што ён валодае нямецкай мовай у абʼёме, «дастатковым для аказаньня кваліфікаванай дапамогі па гаспадарчых справах прадпрыемствам зь Нямеччыны».

Міністэрства замежных спраў Нямеччыны працуе над справай грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, прыгаворанага да пакараньня сьмерцю ў Беларусі, заявіў афіцыйны прадстаўнік нямецкага МЗС Крыстыян Вагнэр, паведамляе DW. «Мы займаемся яго лёсам і з самага пачатку аказваем яму інтэнсіўную консульскую падтрымку. А таксама актыўна абараняем яго інтарэсы перад беларускімі ўладамі», — сказаў ён сёньня на ўрадавай прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне.

Ніякіх падрабязнасьцяў Вагнэр не прывёў і ўхіліўся ад адказу на пытаньне пра магчымыя прапановы Менску датычна лёсу асуджанага нямецкага грамадзяніна. «У гэтых адносінах вам яшчэ давядзецца набрацца цярпеньня. Як я ўжо сказаў, нашым прыярытэтам зьяўляецца ўсебаковая падтрымка», — дадаў ён.

Прадстаўнік нямецкага МЗС таксама расказаў, што, нягледзячы на непрызнаньне беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі абраным прэзыдэнтам, Бэрлін падтрымлівае дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю.

«У нас ёсьць амбасада ў Менску, яна дзейнічае і працуе. Гэтая консульская падтрымка ажыцьцяўляецца на месцы. Як я ўжо сказаў, я не буду заглыбляцца ў падрабязнасьці. Я магу адказаць у цэлым, што звычайна ўключае ў сябе консульская дапамога: кантакты з затрыманым, кантакты з чальцамі сямʼі, адвакатамі, наведваньне турмаў і абмеркаваньне ўмоваў утрыманьня з уладамі», — растлумачыў Вагнэр.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG