Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Банцэр пракамэнтаваў сваё затрыманьне ў Варшаве: «У Беларусі маю музыку рэклямаваў КДБ, а ў Польшчы — паліцыя»


Ігар Банцэр
Ігар Банцэр

Вядомы беларускі музыка, які жыве ў эміграцыі ў Польшчы, пракамэнтаваў сваё затрыманьне і далейшыя падзеі.

Горадзенскага музыку Ігара Банцэра затрымалі ў Варшаве 16 ліпеня. Мужчына прыйшоў у Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве са зброяй. На наступны дзень — 17 ліпеня — Банцэра выпусьцілі.

У камэнтары Hrodna.life вакаліст вядомага антыфашысцкага гурту Mister X расказаў, што прыйшоў у міністэрства з тэхнічнымі пытаньнямі. Яму ня могуць дапамагчы дзяржаўныя органы зь сямейнымі пытаньнямі, але ён усё адно спрабуе іх вырашыць. З тых інстытуцый яго і накіравалі ў міністэрства.

На ўваходзе Ігар паведаміў ахове, што мае пры сябе небясьпечныя прадметы.

«Мяне праверылі, а рэчы не зьмясьціліся ў скрынцы для сканэру, таму іх пакінулі ў куце. Пакуль я 15 хвілін размаўляў з прадстаўніком міністэрства, ахова прыдумляла, што з гэтым рабіць, і нічога лепшага не прыдумала, як выклікаць паліцыю».

Ён лічыць, што яго «затрымалі ні за што», беспадстаўна.

Паліцыя затрымала Банцэра на падставе таго, што ён нібыта знарок, маючы намер, прыйшоў перашкодзіць працы міністэрства. Гэта пагражала яму крымінальным артыкулам. З гэтым абвінавачаньнем музыка не пагадзіўся і выклікаў адваката. Пасьля разбору музыку абвінавацілі паводле адміністрацыйнага артыкулу № 66 («Выкліканьне непатрэбных дзеяньняў, ілжывай інфармацыі або іншым спосабам увядзеньне ў зман дзяржаўнай установы або органа аховы бясьпекі, грамадзкага парадку або здароўя»).

У сераду 24 ліпеня 2024 году ў раённым аддзяленьні паліцыі ў Варшаве адбудзецца разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Ігар разьлічвае атрымаць штраф за тое, што прыйшоў у міністэрства зь небясьпечнымі прадметамі.

Паводле Банцэра, усе прадметы — тры газавыя балёнчыкі, тэлескапічная палка, пісталет — легальныя ў Польшчы. Ён купіў іх у мілітарных крамах.

Банцэр сьцьвярджае, што пасьля ночы ў аддзеле паліцыі ён пачуваецца цудоўна.

«Я заехаў, нармальна пераначаваў у цэнтральным аддзеле Варшавы. Перада мной тут начаваў міністар Раманоўскі, якога пазбавілі імунітэту. Удзячны паліцыі за тое, што мяне разрэклямавалі. У Беларусі гэтым займаўся КДБ, а тут паліцыя. У выніку ўсе СМІ беларускія напісалі», — сказаў Банцэр.

Хто такі Ігар Банцэр

  • Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст, палітвязень.
  • Нарадзіўся 24 лютага 1980 году ў Менску. Зь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садку. Ігар паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на накірунак «міжнародныя адносіны». Аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу. Пасьля складанай апэрацыі ён вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце.
  • Каля 10 гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.
  • Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягоную арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных установаў.
  • Зь 2003 году быў лідэрам і сьпеваком свайго стрыт-панк гурта Mister X.
  • Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.
  • 20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
  • Музыкант правёў у СІЗА горадзенскай турмы 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночных камэрах. Праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках. Тая паказала, што ён здаровы.
  • На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
  • 3 сакавіка 2021 году ў першы дзень суду Банцэр абвесьціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусьцілі ў залі суду. Пасьля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязьню заставалася сядзець 8 месяцаў.
  • Пасьля зьняволеньня ў гарадзенца выявілі падазрэньне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі.
  • Ён пачаў адбываць пакараньне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэньне, нягледзячы на стан здароўя.
  • 5 жніўня палітвязень атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару за парушэньне правілаў установы. Потым яму тройчы працягвалі тэрмін утрыманьня ў ШІЗА да 40 дзён без перапынку.
  • Ігар Банцэр жанаты, мае трое дзяцей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG