У 81-гадовага жыхара Клайпеды знайшлі склад кантрабандных беларускіх цыгарэт, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Паводле інфармацыі ведамства, 11 лютага мужчыну ў двары дома ў цэнтры гораду праверылі супрацоўнікі Крымінальнай выведкі гэтага ведамства. Пры ім сярод іншага знайшлі 20 пачкаў цыгарэт беларускай вытворчасьці, піша «Позірк».
У доме затрыманага знайшлі 3850 пачкаў розных марак цыгарэт зь беларускімі акцызамі, у машыне — яшчэ 500. Адзначаецца, што агульны кошт тытунёвых вырабаў з улікам падаткаў, абавязковых да выплаты ў Літве, складае 19,5 тысячы эўра.
Пракуратура пачала дасудовае расьсьледаваньне «па факце незаконнага валоданьня акцызнымі таварамі і самаробнымі моцнымі алькагольнымі напоямі»; мужчыну пагражае да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
Пасьля допыту затрыманага адпусьцілі, папярэдне ўзяўшы пісьмовае абавязаньне не пакідаць месца жыхарства. Некалькі гадоў таму яго ўжо аштрафавалі амаль на 10 тысяч эўра.
У пачатку лютага 2025 году памежнікі Літвы паведамілі аб скарачэньні кантрабанды цыгарэт зь Беларусі. У 2024 годзе памежнікі канфіскавалі 1 млн 386 тысяч 714 пачкаў кантрабандных цыгарэт. У параўнаньні з 2023 годам зафіксавана памяншэньне ў 1,7 раза (было 2,5 млн пачкаў), 2022-м — больш чым у 3 разы (4,3 млн).
У 2024 годзе літоўскія памежнікі затрымалі 340 чалавек за кантрабанду або незаконную перавозку падакцызных тавараў, у 2023 годзе — 447, у 2022-м — 475. Кантрабанду ў асноўным перавозілі грамадзяне Літвы.
Форум