Беларус, празь якога 16 ліпеня з будынку Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы эвакуавалі 150 чалавек, — вядомы гарадзенскі музыка Ігар Банцэр, даведалася выданьне Most ад сяброў музыкі. Увечары 17 ліпеня Ігар Банцэр выйшаў на волю пасьля 28-гадзіннага затрыманьня.
Ігар Банцэр знаходзіўся ў паліцыі. Увечары 17 ліпеня музыка сам паведаміў у Інстаграме, што яго вызвалілі.
«Затрыманы на 28 гадзінаў за тое, што......БЫЎ САМІМ САБОЙ!» — гаворыцца ў камэнтары да відэа, на якім Ігар Банцэр выходзіць з будынку мясцовай паліцыі.
У Варшаўскай акруговай пракуратуры «Белсату» паведамілі, што прыкметаў крымінальнага злачынства ў дзеяньнях беларуса не знайшлі: «Паводле экспэрта, зброя была не агнястрэльная, а сыгнальная. Іншыя рэчы, што былі ў сумцы, таксама не забароненыя польскім заканадаўствам», — паведаміў прадстаўнік ведамства Пётр Скіба.
Пры гэтым у пракуратуры прыйшлі да высновы, што мужчыну можна пакараць паводле артыкула Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях за «ўвод у зман праваахоўнага органа ілжывай інфармацыяй або з мэтаю прымусіць да непатрэбных дзеяньняў». За гэта Ігару Банцэру пагражае арышт, або абмежаваньне волі (тэрмін у кодэксе не пазначаны), або 1500 злотых штрафу (каля 1200 беларускіх рублёў). Цяпер лёс мужчыны вызначыць паліцыя.
Прэс-сакратар паліцэйскай камэндатуры варшаўскага раёну Сьрудмесьце Якуб Пацыняк паведаміў «Белсату», што беларуса ўжо вызвалілі з-пад варты, цяпер разглядаюць пытаньне яго прыцягненьня да адміністратыўнай адказнасьці.
- 16 ліпеня з будынку Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве эвакуавалі 150 чалавек, прылеглую вуліцу ачапіла паліцыя. Прычынай стаў беларус, у сумцы якога знайшлі небясьпечныя прадметы: паводле сяржанта мясцовай паліцыі, там былі тэлескапічная дубінка, некалькі відаў нажоў і пярцовых балёнчыкаў і, верагодна, шумавая зброя.
- Мужчына паводзіў сябе спакойна і нікому не пагражаў, тым ня менш ахова будынку прыняла рашэньне выклікаць паліцыю, на месца інцыдэнту таксама прыбыла пажарная служба. Мужчыну затрымалі.
- Ігар часта насіў з сабой газавы балёнчык, лічачы, што ён можа спатрэбіцца яму ў мэтах самаабароны, піша Most. Раней яго ўжо затрымлівалі ў Польшчы.
Форум