Кіраўнік Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс заявіў, што рэжым Лукашэнкі перайшоў да выкраданьня людзей. Пра гэта Яўнішкіс заявіў сайту 15min.lt.
Такім чынам ён пракамэнтаваў вынесены Менскім гарадзкім судом прысуд загадчыцы маркетынгавай службы санаторыя Belorus у Друскеніках, грамадзянцы Беларусі і Літвы Алене Раманаўскене — 6 гадоў пазбаўленьня волі.
«Хачу перасьцерагчы нашых грамадзян, у якіх яшчэ ёсьць жаданьне паехаць у Беларусь па больш танныя тавары ці бэнзін. Гэты выпадак сур’ёзна паказвае, што рэжым у Беларусі мае намер выкрадаць літоўскіх грамадзян», — заявіў Яўнішкіс.
Дэпартамэнт, паводле яго, зьбіраецца рабіць захады ў адказ. Ён «бачыць беларусаў», якія працуюць у Літве, але вяртаюцца на радзіму.
«Там яны сутыкаюцца зь беларускім КДБ, дзе іх дапытваюць і вэрбуюць, у нас ёсьць факты», — сьцьвярджае кіраўнік спэцслужбы. Пры гэтым ён адзначыў, што літоўскія палітыкі нярэдка абвінавачваюць спэцслужбы ў завышэньні сапраўднага ўзроўню пагроз.
- 11 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе 11 чэрвеня грамадзянку Літвы, супрацоўніцу санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алену Раманаўскіене асудзілі на 6 гадоў калёніі. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 358-1 КК («Агентурная дзейнасьць»).
- Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але, як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна нібыта «неаднаразова перадавала зьвесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў». Яе нібыта завэрбавалі літоўскія спэцслужбы больш за 10 гадоў таму.
- Як раней паведамляла літоўскае выданьне 15min, затрымаць Раманаўскене маглі летась, калі яна вярталася ў Літву зь Беларусі, дзе наведвала родных.
- Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы назваў выстаўленыя жанчыне абвінавачаньні «неабгрунтаванымі інсынуацыямі».
Форум