Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША вызвалілі ад узаемных мытаў смартфоны і кампутары


Ілюстрацыйнае фота. iPhone 16
Ілюстрацыйнае фота. iPhone 16

Смартфоны, кампутары і іншая спажывецкая электроніка, а таксама чыпы, працэсары, жорсткія дыскі, карты памяці і паўправадніковыя прылады ўвайшлі ў сьпіс выключэньняў з уведзеных раней адміністрацыяй Дональда Трампа імпартных мытаў.

Сьпіс з 20 кодаў тавараў, на якія ня стануць распаўсюджвацца мыты, апублікавала Памежна-мытная служба ЗША, пішуць агенцтвы Bloomberg, Reuters і іншыя СМІ.

На пералічаныя вышэй тавары, як і на шэраг іншых тавараў, імпартаваных у ЗША, ня будуць распаўсюджвацца ні базавыя 10-працэнтныя мыты, уведзеныя ЗША для многіх краінаў сьвету, ні 125-працэнтныя дадатковыя мыты, якія дзейнічаюць цяпер для Кітая.

У паведамленьні Памежна-мытнай службы ЗША няма тлумачэньняў адносна таго, чаму тыя ці іншыя тавары трапілі ў сьпіс выключэньняў. Белы дом таксама пакуль не даваў камэнтароў з гэтай нагоды.

Reuters адзначае, што раней уведзеныя ЗША мыты абавязкова павінны былі адбіцца на тэхналягічных кампаніях, такіх як Apple ці Dell, якія залежаць ад вытворчасьці і паставак з Кітаю. Паводле Bloomberg, выключэньне зрабілі для папулярных прадметаў спажывецкай электронікі, каб зьберагчы спажыўцоў ад «шакавальнага росту цэнаў», што магло б прывесьці да росту незадаволенасьці палітыкай адміністрацыі Трампа.

  • 2 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў пра ўвядзеньне гандлёвых мытаў для пераважнай большасьці гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў. У прыватнасьці, мыта ЗША для тавараў з Кітаю склала 34%, імпарт з краін Эўразьвязу ЗША абклалі 20% мытам, для Вялікай Брытаніі вызначылі 10%, для шэрагу краін мыты дасягнуць 40 і больш працэнтаў. Беларусі й Расеі ў сьпісе няма.
  • Пасьля гэтага Кітай і ЗША яшчэ некалькі разоў узаемна павышалі мыты (Кітай увёў мыты у 34% на ўсе амэрыканскія тавары; Трамп у адказ увёў дадатковыя мыты ў 84% на кітайскі імпарт, што павялічыла агульны памер мытаў да 104%; Кітай пасьля гэтага павысіў мыты на амэрыканскія тавары да 84% з 10 красавіка).
  • 9 красавіка амэрыканскі прэзыдэнт адклаў на 90 дзён увядзеньне мытаў у дачыненьні да больш як 75 краін, пры гэтым павысіўшы мыты для Кітая да 125%. У Белым доме пазьней патлумачылі, што агульная сума мытаў на кітайскія тавары складае 145%, бо ў дадатак да павелічэньня мытаў да 125% раней ЗША ўвялі 20-працэнтныя мыты ў адказ на тое, што Пэкін, на думку Вашынгтона, не прыкладае дастаткова намаганьняў для спыненьня паставак фэнтанілу ў ЗША.
  • Неўзабаве пасьля гэтага кроку Кітай аб’явіў пра чарговае павышэньне імпартных мытаў на тавары з ЗША — таксама да 125%. Эўразьвяз адклаў увядзеньне 25% мытаў на амэрыканскія тавары на 90 дзён.
  • Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа хоча заключыць 90 гандлёвых угодаў за 90 дзён — на гэты тэрмін адклалі ўвядзеньне мытаў у дачыненьні да больш як 75 краін. Такую заяву зрабіў 11 красавіка дарадца Трампа ў гандлі Пітэр Навара, піша Reuters.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG