Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Іран дамовіліся сустрэцца на наступным тыдні пасьля «канструктыўных» перамоваў у Амане


Іранская дэлегацыя ў Амане на непрамых перамовах з ЗША 12 красавіка
Іранская дэлегацыя ў Амане на непрамых перамовах з ЗША 12 красавіка

Іранскія і амэрыканскія перамоўнікі дамовіліся пра другі раўнд перамоваў на высокім узроўні па ядзернай праграме Тэгерану на наступным тыдні пасьля сустрэчы 12 красавіка, якая доўжылася больш за дзьве гадзіны і якую абодва бакі апісалі як «пазытыўную» і «канструктыўную», піша Радыё Свабодная Эўропа\Радыё Свабода.

«Абмеркаваньні былі вельмі пазытыўнымі і канструктыўнымі», — заявіў Белы дом пасьля перамоваў у сталіцы Аману.

Паведамляецца, што спэцпасьланьнік ЗША Стывэн Ўіткаф падкрэсьліў, «што ў яго ёсьць інструкцыі ад прэзыдэнта Трампа вырашыць рознагалосьсі паміж нашымі краінамі шляхам дыялёгу і дыпляматыі, калі гэта магчыма».

«Гэтыя пытаньні вельмі складаныя, і сёньняшняя прамая камунікацыя спэцпрадстаўніка Ўіткафа стала крокам наперад у дасягненьні ўзаемавыгаднага выніку», — гаворыцца ў заяве ў Белага дому. Там дадалі, што «бакі дамовіліся пра новую сустрэчу» 19 красавіка.

Пазьней Трамп, адказваючы на пытаньні журналістаў аб перамовах, сказаў: «Я думаю, усё ідзе добра». «Нішто не мае значэньня, пакуль справа ня зробленая, таму мне не падабаецца пра гэта размаўляць. Але ўсё ідзе добра. Сытуацыя з Іранам, я думаю, ідзе даволі добра», — сказаў ён журналістам на борце Air Force One.

Непрамыя сустрэчы — пры пасярэдніцтве Аману — сталі першымі перамовамі паміж афіцыйнымі асобамі ЗША і Ірану ў гэтай тэме за многія гады і праходзяць на фоне росту напружанасьці і ваенных пагрозаў з боку Вашынгтону. Паводле чыноўнікаў, дэлегацыі знаходзіліся ў асобных пакоях і абменьваліся паведамленьнямі празь міністра замежных спраў Амана Саіда Бадра.

Аман, разьмешчаны на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы Аравійскага паўвострава, ужо неаднойчы выступаў у якасьці пасярэдніка паміж Іранам і заходнімі краінамі, у тым ліку падчас перамоваў, якія прывялі да вызваленьня некалькіх замежных грамадзян і асобаў з падвойным грамадзянствам, якіх утрымлівае Тэгеран.

У перамовах са спэцпасланьнікам ЗША Ўіткафам удзельнічаў міністар замежных спраў Ірану Абас Аракчы, які таксама заявіў, што бакі зноў сустрэнуцца ў наступныя выходныя. Хоць абодва бакі не сустракаліся твар у твар падчас перамоваў, Аракчы коратка пагаварыў з Уіткафам — у прысутнасьці міністра замежных спраў Аману — пасьля сустрэчы, назваўшы гэта «дыпляматычнай ветлівасьцю».

Аракчы сказаў, што сустрэчы прайшлі ў «прадуктыўнай, спакойнай і пазытыўнай атмасфэры». Міністэрства замежных спраў Ірану заявіла, што перамовы былі «канструктыўнымі». «[Уіткаф] выказаў жаданьне, каб агульныя рамкі пагадненьня былі ўстаноўленыя ў найкарацейшыя тэрміны», — сказаў галоўны дыплямат Ірану пасьля перамоваў.

За некалькі дзён да перамоваў Трамп выступіў з новым папярэджаньнем, заявіўшы, што, «калі спатрэбіцца», ЗША «безумоўна» прыменяць ваенную сілу супраць Ірану — з Ізраілем у вядучай ролі.

Рэакцыя Ірану была дзёрзкай, што падкрэсьлівае высокія стаўкі для абедзьвюх краін і ўсяго Блізкага Ўсходу.

Кантэкст

Перамовы азначаюць сабой яшчэ адзін разьдзел у складаных адносінах паміж Іранам і Злучанымі Штатамі, якія вызначаліся цыклямі дыпляматыі і канфрантацыі.

Ядзерная ўгода 2015 году — афіцыйна вядомая як Сумесны ўсёабдымны плян дзеяньняў — калісьці давала надзею на разрадку гэтай канфрантацыі, але выхад зь яе ЗША ў 2018 годзе падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Трампа справакаваў ланцуг санкцыяў і актывізацыю ўзбагачэньня ўрана Тэгеранам.

Эўрапейскія краіны паспрабавалі выратаваць Сумесны ўсёабдымны плян дзеяньняў, запусьціўшы мэханізм INSTEX, які павінен быў аблегчыць недаляравыя транзакцыі з Іранам, каб пазьбегнуць парушэньня санкцыяў ЗША і ўтрымаць Тэгеран ад выхаду з пагадненьня. На практыцы праз гэты мэханізм правялі толькі адну транзакцыю, і ў рэшце рэшт яго адмянілі ў 2023 годзе.

Эканоміка Ірану, якая раней атрымала стымул ад Сумеснага ўсёабдымнага пляну дзеяньняў, моцна пацярпела, калі кампанія Трампа па «максымальным ціску» спрацавала, што значна скараціла продажы нафты Тэгеранам.

Неўзабаве пасьля таго, як Джо Байдэн зьмяніў Трампа ў Белым доме ў 2021 годзе, Іран і ЗША пачалі праводзіць сэрыю непрамых перамоваў па аднаўленьні ядзернай угоды. Праект пагадненьня падрыхтаваў Эўразьвяз, які выступае ў якасьці каардынатара СУПД, але пагадненьне так і не падпісалі.

Перамовы зайшлі ў тупік у 2022 годзе і заставаліся замарожанымі — да гэтага часу.

Што пастаўлена на карту

Трамп ясна даў зразумець, чаго ён хоча: Ірану нельга дазволіць мець ядзерную зброю. Але застаецца незразумелым, ці хоча ён абмежаваць ядзерную дзейнасьць Ірану, ці згарнуць яе цалкам.

Іран гатовы даць гарантыі, што ён не імкнецца абзавесьціся ядзернай зброяй, але адхіляе ідэю поўнага адмаўленьня ад сваёй ядзернай праграмы.

Нягледзячы на спробы прадэманстраваць упэўненасьць і заявы аб тым, што ён можа нэўтралізаваць санкцыі ЗША, Тэгерану адчайна патрэбная ўгода. Эканоміка Ірану, магчыма, знаходзіцца ў найгоршым стане, у якім яна калі-небудзь была, калі нацыянальная валюта падае ў адносінах да даляра амаль штодня. Пакупніцкая здольнасьць іранцаў зьнізілася, а адключэньні электраэнэргіі сталі абавязковым атрыбутам лета і зімы, нягледзячы на глябальны статус Ірану як краіны, багатай на энэргарэсурсы.

Для Злучаных Штатаў перадухіленьне стварэньня Іранам ядзернай зброі зьяўляецца галоўным прыярытэтам.

Іран узбагачае ўран да 60-працэнтнай чысьціні, што шырока лічыцца амаль зброевай якасьцю. Ён таксама назапасіў дастаткова ўрану для стварэньня некалькіх бомбаў, калі вырашыць гэта зрабіць.

Тэгеран настойвае, што ягоная ядзерная праграма носіць мірны характар і ніколі не перасьледавала мэты стварэньня ядзернай зброі. Аднак, паколькі адміністрацыя Трампа працягвае ўздымаць пытаньне аб магчымасьці ваенных удараў па ядзерных аб’ектах Ірану, усё большая колькасьць іранскіх чыноўнікаў заяўляе, што Тэгеран распрацуе ядзерную зброю, калі яго загоняць у кут.

Паводле ацэнак, Іран можа ўзбагаціць дастаткова ўрану для адной ядзернай бомбы менш чым за тыдзень і дастаткова для некалькіх бомбаў на працягу месяца.

Напярэдадні перамоваў у Амане Вашынгтон імкнуўся яшчэ больш узмацніць ціск. 9 красавіка Міністэрства фінансаў ЗША абʼявіла пра санкцыі ў дачыненьні да пяці арганізацыяў і адной асобы, якія базуюцца ў Іране, за іх падтрымку ядзернай праграмы Ірану, уключаючы Арганізацыю па атамнай энэргіі Ірану (AEOI).

Махамэд Гаедзі, выкладчык катэдры паліталёгіі Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона, паведаміў Іранскай службе Радыё Свабода, што новыя санкцыі наўрад ці акажуць вялікі ўплыў на ядзерную праграму Ірану, паколькі яны накіраваныя на актывы AEOI у Злучаных Штатах, якіх ня так шмат. Ён сьцьвярджае, што новыя санкцыі ў асноўным служаць умацаваньню рычагоў уплыву ЗША на Іран падчас перамоваў.

9 красавіка Трамп зноў папярэдзіў, што ў выпадку адсутнасьці ўгоды з Іранам Злучаныя Штаты зьвернуцца да ваенных дзеяньняў, каб нэўтралізаваць ядзерную праграму Тэгерану. «Ізраіль, відавочна, будзе вельмі актыўна ўдзельнічаць у гэтым. Яны будуць лідэрамі гэтага», — заявіў Трамп.

Алі Шамхані, галоўны памочнік вярхоўнага лідэра Ірану аяталы Алі Хаменеі, заявіў у адказ, што пастаянныя пагрозы ваеннай канфрантацыяй прымусяць Іран выслаць інспэктараў ААН і «перавесьці ўзбагачаны ўран на бясьпечныя абʼекты».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG