Атрымаць шэнгенскую візу ў Беларусі становіцца ўсё цяжэй, з гэтай нагоды мяняюцца і кірункі, якія турфірмы прапануюць беларусам для адпачынку. Сярод звыклых кірункаў зьяўляюцца экзатычныя варыянты. Глядзім, што прапануюць.
Эгіпет за $1072, Грузія – за $1289
Зьезьдзіць у Эгіпет, вылецеўшы зь Менску ў Хургаду на ўзбярэжжы Чырвонага мора, можна за 1072 даляры. Гэта адзін з самых танных варыянтаў, якія знаходзім. Адпачынак 7 дзён у трохзоркавым гатэлі.
11 начэй будзе каштаваць больш – 1144 даляры.
Папулярным кірункам для беларусаў застаецца Турэччына. Адпачыць 9 дзён непадалёк ад Аланьі на ўзьбярэжжы Міжземнага мора будзе каштаваць1010 даляраў, ці 3172 рублі.
Паводле галоўнай рэдактаркі VisaFlow.live Анастасіі Лысакоўскай, адпачынак сёлета падаражэў у сярэднім на 15-20% у параўнаньні з мінулым годам. Вырасьлі цэны варыянтаў Турэччыны і Эгіпту, таму зьявілася альтэрнатыва: Аман і ААЭ.
«Асноўныя прычыны росту цэнаў – інфляцыя, падаражаньне авіябілетаў і павышэньне кошту жыхарства ў папулярных краінах.Тым ня менш, попыт застаецца стабільным. Беларусы надалей плянуюць паездкі загадзя, усё часьцей цікавяцца купляй тураў на выплат і «гарачымі» турамі.
Цэнамі Турэччына і Эгіпет ужо даганяюць Дубай і больш экзатычныя краіны Азіі. На жаль, праз высокі попыт на адпачынак давядзецца патраціцца», – разважае экспэртка.
Запатрабаваным варыянтам застаецца Грузія. Адпачыць 7 дзён у Батумі ў нумары на дваіх на ўзьбярэжжы Чорнага мора каштуе 1289 даляраў, ці 4047 рублёў.
«Паводле дадзеных некаторых турфірмаў, мінімальная цана адпачынку для сям’і з трох чалавек (двое дарослых і дзіця) складае каля $1350 за 9 начэй у трохзоркавым гатэлі без харчаваньня. Адпачынак у Эгіпце для такой жа сям’і з трох чалавек пачынаецца ад $2700 за 10 дзён. Цана адпачынку ў ААЭ для двух чалавек мае варыянты і складае прыблізна $1800», – падлічвае Анастасія Лысакоўская.
Экзотыка: Аман, Кітай, Куба
Некаторыя экзатычныя кірункі абыходзяцца таньней, чым звыклыя прапановы. Напрыклад, адпачыць можна ў Амане ці Кітаі.
«На новым кірунку, такім, як Аман, цэны вагаюцца ад $1000 на дваіх да $1300 залежна ад узроўню гатэлю. На фоне паслабленьня абмежаваньняў і пашырэньня авіязносін пачалі набіраць папулярнасьць і больш экзатычныя кірункі. Сярод іх – Кітай, Шры-Лянка, Інданэзія. Асабліва прыкметная цікавасьць да Кітаю: пасьля перапынку, зьвязанага з пандэміяй і візавымі абмежаваньнямі, краіну пачалі актыўна ўключаць у турыстычныя маршруты», – кажа Анастасія Лысакоўская.
Адпачыць у Амане 9 начэй на дваіх з вылетам зь Менску можна за 1800 даляраў (5652 рублі) – па 900 на чалавека. У цану ўключаныя сьняданкі.
Вакацыі ў Кітаі цягам 11 дзён на ўзьбярэжжы Паўднёва-Кітайскага мора будуць каштаваць 1025 даляраў з чалавека ў нумары на два месцы, ці 3221 рубель. На дваіх выйдзе 2025 даляраў.
Адпачыць на Кубе аднаму чалавека ў нумары на два месцы будзе каштаваць1205 даляраў, ці 3785 рублёў.
Нягледзячы на складанасьць з атрыманьнем візаў, застаюцца варыянты адпачыць у Эўропе. Праўда, многія турфірмы робяць такія прапановы толькі турыстам, якія візу маюць.
Напрыклад, тур у Партугалію на 7 дзён з экскурсіямі і адпачынкам на ўзьбярэжжы Атлянтычнага акіяну абыдзеццаў 899 даляраў на чалавека (2824 рублі). Вылет з Рыгі. Гэта прапанова для турыстаў зь візамі.
Адпачынак на поўдні Гішпаніі цягам 8 начэй будзе каштаваць 773 даляры з чалавека (2429 рублёў). Вылет зь Вільні, прапанова для турыстаў зь візамі.
Адпачынак дома: $150 за содні
Пры падаражаньні замежнага адпачынку за мяжой у Беларусі робіцца папулярным унутраны турызм, заўважае Анастасія Лысакоўская.
«На фоне падаражаньня адпачынку за мяжой расьце цікавасьць і да ўнутранага турызму. Беларусы ўсё часьцей выбіраюць падарожжы па роднай краіне – на выхадныя або ў фармаце міні-адпачынкаў. У трэндзе – адпачынак на прыродзе, аграсядзібы, санаторыі, а таксама культурна-гістарычныя маршруты па гарадах з багатай спадчынай», – кажа суразмоўца.
Цэны на аграсядзібы вагаюцца: можна знайсьці варыянты за 45 даляраў (141 рубель) у содні за домік на кампанію, ёсьць і даражэйшыя прапановы.
Зьняць аграсядзібу на ўзьбярэжжы Нёмана будзе каштаваць ад 150 даляраў на кампанію ці па 20 з чалавека ў содні.
Ёсьь варыянты адпачыць у санаторыі. Для аднаго чалавека ў санаторыі «Лясное» у Віцебскай вобласьці цана пачынаеццаад 44 даляраў ці 140 рублёў у содні.
Ёсьць як даражэйшыя, так і таньнейшыя варыянты.
Беларускія турысты цікавяцца разнастайнымі, у тым ліку нестандартнымі відамі адпачынку, адзначае Анастасія Лысакоўская.
«Экспэрты прагназуюць далейшы рост цікавасьці да разнастайных кірункаў – ад камфортнага пляжнага адпачынку да нестандартных тураў з ухілам у этніку, гастраномію і экалягічныя практыкі. Нягледзячы на рост цэнаў, падарожжы застаюцца важнай часткай жыцьця беларусаў – як спосаб пераключыцца, атрымаць новыя ўражаньні і пашырыць кругагляд», – кажа суразмоўца.
Летась зь Беларусі за мяжу арганізавана, гэта значыць праз турыстычныя фірмы, выехалі 618 тысяч чалавек, паведамляе Белстат. У 2023 годзе такіх турыстаў было на 117 тысяч менш – 501,2 тысячы чалавек.
Унутры Беларусі як у 2023, так і ў 2024 годзе падарожнічалі праз турфірмы 1,7 мільёна чалавек.
Форум