Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дырэктара санаторыя «Беларусь» Андрэя Кобеля асудзілі на 9 гадоў турмы


Андрэй Кобель на кадрах прапагандысцкага фільму
Андрэй Кобель на кадрах прапагандысцкага фільму

Прысуд вынесьлі яшчэ летась, але вядома пра яго праваабаронцам стала толькі цяпер.

Стала вядома, што экс-дырэктара санаторыя «Беларусь» Андрэя Кобеля асудзілі ў верасьні 2023 году на 9 гадоў калёніі за «здраду дзяржаве», даведалася «Вясна».

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, справу разглядала Алена Ананіч. 24 лістапада адбылася апэляцыя, а ў сьнежні Кобеля адправілі ў калёнію адбываць тэрмін.

Пра затрыманьне былога кіраўніка санаторыя стала вядома ў сьнежні 2022 году з прапагандысцкага фільму «Апэрацыі беларускага КДБ супраць спэцслужбаў Захаду і Ўкраіны». У фільме паказаны апэратыўныя кадры, на якіх Кобель дае паказаньні. У сюжэце была агучана інфармацыя, што ён прапрацаваў галоўным доктарам у санаторыі «Беларусь» у Літве больш за 10 гадоў, потым быў галоўным доктарам у беларускім санаторыі ў расейскім Сочы.

«Літоўцы абклалі яго па ўсіх правілах шантажу: пагражалі крымінальнай справай за махінацыю зь зямельным участкам, крадзеж сродкаў пры рэканструкцыі санаторыя, маўляў, пазбавяць яго і членаў сям'і дазволу на жыхарства, а сыну падкінуць у аўтамабіль наркотыкі», — сьцьвярджалі аўтары прапагандысцкага фільму.

Гаварылася, што ён нібыта даваў сваім «куратарам з заходніх спэцслужбаў» зьвесткі аб рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, якая знаходзіцца на тэрыторыі санаторыя. Акрамя гэтага, апэратыўнікі КДБ устанавілі, што Кобель нібыта ўладкоўваў на працу тых, каго патрабаваў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы.

У Менскім гарадзкім судзе 11 чэрвеня грамадзянку Літвы, супрацоўніцу санаторыя «Беларусь» у Друскеніках Алену Раманаўскіене асудзілі на 6 гадоў калёніі. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але, як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна нібыта «неаднаразова перадавала зьвесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў».

Жанчыну нібыта завэрбавалі літоўскія спэцслужбы таксама больш за 10 гадоў таму, як гэта рэжым Лукашэнкі сьцьвярджаў і пра Кобеля.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG