Грамадзкая ініцыятыва апавясьціла людзей, што дзякуючы падтрымцы ў зборы грошай завершаныя плянаваныя работы. У прыватнасьці:
- праведзены рамонт надгробку Сяргея Богуша — на суму 1500 злотых (350 эўра паводле актуальнага курсу);
- зроблена дэкаратыўнае добраўпарадкаваньне магілы Леаніда Богуша — на суму 300 злотых;
- ачышчаныя перад Вялікаднем надмагільлі Канстанціна Кіслага і Мікалая Чарнецкага.
Прадстаўнік ініцыятывы, беластоцкі краязнаўца Аляксей Трубкін адзначыў, што дасягнутыя ўсе мэты, пастаўленыя перад кампаніяй.
Усіх ахвярадаўцаў, сяброў і зацікаўленых асобаў арганізатары запрашаюць на экскурсію па беластоцкіх могілках Усіх Сьвятых. Яна адбудзецца ў нядзелю, 20 красавіка. Агульны збор а 12-й гадзіне ля ўваходнай брамы.
Раней ініцыятыва прасіла грамадзкасьць дапамагчы, бо некаторыя магілы прыйшлі ў неналежны стан. Арганізатары тлумачылі людзям важнасьць гэтых людзей для беларускай гісторыі.
Кастусь Кіслы — музыка, кампазітар і дырыжор, заснавальнік хораў у Беларускім школьным таварыстве. Перажыў савецкі арышт, уцёк з турмы. Працяглы час жыў у эміграцыі ў Злучаных Штатах, дзе таксама арганізоўваў хоры, апошнія гады правёў у Беластоку. У магіле Кастуся Кіслага пахаваныя таксама ягоныя жонка і дачка.
Лявон Богуш і ягоны брат Сяргей — актыўныя ўдзельнікі беларускага нацыянальнага руху. Лявон Богуш браў удзел у стварэнні драматычнай сэкцыі Таварыства беларускай школы ў Беластоку, быў у ліку заснавальнікаў тэатральнага таварыства «Полымя», быў салістам хору пры Беларускім камітэце ў Беластоку. У магіле Лявона Богуша пахаваныя ягоная жонка, якая працавала разам з ім у беларускім камітэце, а таксама бацька і маці. Сяргей пахаваны асобна.
Мікола Чарнецкі — пэдагог і публіцыст, удзельнік беларускага нацыянальнага падпольля, які перажыў перасьлед польскіх і савецкіх уладаў, быў забіты польскімі падпольшчыкамі ў час ІІ усясьветнай вайны.
Форум