Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якасьць мэдычнай дапамогі ў Беларусі пагаршаецца з-за рэпрэсій уладаў — даклад НДА для ААН


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З-за рэпрэсіўных дзеяньняў улад забесьпячэньне мэдыцынскай дапамогі ў Беларусі пастаянна пагаршаецца, гаворыцца ў накіраваным у ААН дакладзе кааліцыі няўрадавых арганізацый аб выкананьні краінай абавязаньняў у правах чалавека ў рамках чацьвертага цыклю Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (УПА).

Адзначаецца, што ў Беларусі зафіксавана шмат выпадкаў прыпыненьня дзейнасьці прыватных мэдычных цэнтраў.

Падтрымка ўладамі ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны яшчэ больш пагоршыла недахоп жыцьцёва неабходных мэдыкамэнтаў і мэдычнага абсталяваньня, нягледзячы на рост патрэбы ў іх, зазначаецца ў дакумэнце.

Распрацоўка беларускай вакцыны ад COVID-19 суправаджалася сакрэтнасьцю, парушэньнямі нарматыўных патрабаваньняў і сумневамі ў яе эфэктыўнасьці. Адмова ад закупкі правераных вакцынаў і факты несанкцыянаванай утылізацыі прэпаратаў яшчэ больш падарвалі давер грамадзтва і аслабілі эфэктыўнасьць барацьбы з COVID-19 у краіне.

Аўтары дакумэнту канстатуюць, што недахоп мэдычнага пэрсаналу працягвае пагаршацца, чаму садзейнічаюць масавы ад’езд лекараў з краіны празь неспрыяльныя ўмовы працы, недастатковай аплаты і палітычных рэпрэсій.

Таксама аўтары падкрэсьліваюць, што псыхіятрычныя ўстановы сыстэматычна парушаюць правы пацыентаў — гаворка ідзе аб незаконным утрыманьні, прымусовым лячэньні і злоўжываньнях. Пацыентаў часта вымушаюць падпісваць формы згоды, абмяжоўваюць іх свабоду перамяшчэньня, адбіраюць асабістыя рэчы, абмяжоўваюць кантакт са сваякамі і не забясьпечваюць юрыдычную абарону. Спробы дамагчыся выпіскі могуць прывесьці да прымяненьня абмежавальных захадаў, узмацненьня мэдыкамэнтознага ўзьдзеяньня або пераводу ў іншую ўстанову.

Таксама ў дакладзе зазначаюць, што беларусам неабходна забясьпечыць доступ да якасных лекаў і вакцынаў (у тым ліку праз закупкі з удзелам міжнародных арганізацый), публікаваць ключавую статыстыку ў сфэры аховы здароўя і дэмаграфіі.

Беларусь ня выканала рэкамэндацый мінулага Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (УПА): з 266 рэкамэндацый дзяржава прыняла 155 — у рознай ступені. Цалкам выкананыя толькі дзьве (1,3%), часткова — 24 (15,5%). Ацаніць выкананьне яшчэ 14 пунктаў не ўдалося празь недахоп інфармацыі.

Сярод аўтараў дакладу — Фонд мэдыцынскай салідарнасьці BYMEDSOL, праваабарончы цэнтар «Вясна», Lawtrend, Human Constanta, Legal Initiativ, Беларускі дом правоў чалавека ім. Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН, Беларускі Хэльсінкскі камітэт, Respect-Protect-Fulfill.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG